2/15/2019

Глыбоцкая раённая бібліятэка падрыхтавала зборнік: "Афганістан – гераізм. Афганістан – боль. Афганістан – памяць"


15 лютага 1989 года апошні батальён абмежаванага кантынгенту Савецкай Арміі быў выведзены з Афганістана, але падзеі афганскай вайны яшчэ будуць доўга хваляваць ваенных, вучоных-гісторыкаў, палітыкаў, грамадзянскую супольнасць.


Пасля Вялікай Айчыннай, вайна ў Афганістане з'яўляецца найбольш драматычнай старонкай гісторыі з удзелам савецкіх салдат. Праз афганскую вайну прайшло больш за паўмільёна салдат і афіцэраў. Тысячы вайскоўцаў аддалі свае жыцці, выконваючы прысягу і салдацкі абавязак. Сярод іх і нашы глыбачане, ураджэнцы Глыбоцкага раёна.

Глыбоцкая раённая бібліятэка падрыхтавала зборнік "Афганістан гераізм. Афганістан боль. Афганістан памяць". Асноўная мэта дадзенай кнігі аддаць даніну павагі землякам, якія з гонарам выканалі абавязак Салдата. Увекавечыць памяць тых, хто загінуў на той вайне, тых, хто вярнуўся з яе жывым, і тых, хто памёр ужо пасля заканчэння ваенных падзей. Пакінуць у гісторыі раёна і памяці нашчадкаў імёны афганцаў, якія паводле месца нараджэння ці пражывання звязаны з горадам Глыбокае і Глыбоцкім раёнам.

У зборнік уключаны 173 імёны былых вайскоўцаў, якія маюць статус воіна-інтэрнацыяналіста. Нашы землякі маюць 71 баявую ўзнагароду, усе ўзнагароджаны медалямі Ад удзячнага афганскага народа і Воіну-інтэрнацыяналісту”. 11 чалавек былі параненыя або кантужаныя, многія перанеслі хваробы.

Выданне падрыхтавана на аснове дакументаў, прадстаўленых Глыбоцкім райваенкаматам, кароткіх біяграфій, успамінаў удзельнікаў вайны і іх сваякоў, асабістых фатаздымкаў. Матэрыял размешчаны ў алфавітным парадку прозвішчаў. У зборнік таксама ўключаныя артыкулы з перыядычнага друку, прысвечаныя воінам-інтэрнацыяналістам.

Прадстаўленыя ў выданні персанальныя звесткі могуць быць няпоўнымі або утрымліваць недакладнасці. Спіс землякоў, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак, будзе папоўняцца, бо многія з іх жывуць за тэрыторыяй Віцебскай вобласці і Беларусі.

З мэтай дапаўнення і ўдакладнення інфармацыі пра воінаў-інтэрнацыяналістаў, просім адгукнуцца тых, хто валодае адпаведнымі звесткамі. Будзем удзячныя за дапамогу. Тэл. / Факс: 8 (02156) 2-12-35, 2-17-74; email: biblglub@telegraf.by

Дзякуй усім афганцам, хто не адмовіўся ад размовы, падзяліўся ўспамінамі, даў свае фота. Мы ўпэўненыя, што вашы імёны ўжо не забудуцца, яны застануцца ў гісторыі нашага раёна! Вашыя дзеці і ўнукі будуць ведаць, што вы былі сапраўднымі мужчынамі, годна перанеслі ўсе цяжкасці ваеннай службы.

Паводле сайта Глыбоцкай раённай бібліятэкі

Комментариев нет:

Отправка комментария