Неяк у мяне з пастаўскім краязнаўцам Міхалам Гілём разгарэлася жартаўлівая спрэчка. Кажу: “Міша, а ты ведаеш, што па праекце новага тэрытарыяльнага падзелу Беларусі Паставы будуць уваходзіць у Глыбоцкае ваяводства (павет, ці акругу)?”
– Запомні, Валодзя!– кажа спадар Гіль. – Паставы ніколі не лягуць пад Глыбокае! Лепш мы ляжам пад Маладэчна, на худы канец – пад Смургонь! Але, не пад Глыбокае!
Дык, ляглі ўжо, калі не пад Глыбокае, і нават не пад Маладэчна, дык … пад Докшыцы!
Дык, ляглі ўжо, калі не пад Глыбокае, і нават не пад Маладэчна, дык … пад Докшыцы!
Сёння зайшла ў дом кабета з тэчкай і кажа мне: “Трэба перазаключыць з вамі дамову на карыстанне водаправодам, я здыму паказанні і пастаўлю новую пломбу на лічыльнік. Пакажыце ваш пашпарт…”
– А што зрабілася?– пытаю я ў візіцёркі.
– У Глыбокім ад ЖКГ вылучылі ўчастак Водаканалу, цяпер ён будзе ўваходзіць у Докшыцкі філіял Віцебскага аблводаканалу, кажа кабета. У Паставах таксама ад ЖКГ вылучылі ўчастак водаканалу і далучылі да Докшыцаў.
Я, як колішні інжынер, які рабіў курсавыя і дыпломныя праекты па водазабеспячэнню і каналізацыі – маю поўнае ўяўленне, што ўяўляе сістэма водазабеспячэння горада – водаканала – з яе водазаборамі, свідравінамі, станцыямі абезжалезівання вады, фільтраў, воданапорных вежаў, насосных станцый і г.д. Таксама і з каналізацыяй. Тут яшчэ больш складаная сістэма. Ёсць сеткі самацёкавыя, ёсць напорныя са станцыямі перапампоўвання, ачышчальнымі збудаваннямі і гд. Сам 15 гадоў адпрацаваў у Латвіі прарабам і начальнікам участка – усё падобнае будаваў. Магу быць калі не экспертам, дык чалавекам у тэме.
Нічога не маю супраць Докшыцаў. Аднак, як кажуць, трэба выконваць субардынацыю! Колькі тых Докшыцаў ёсць! Глыбокае ў 3 разы большае па насельніцтву, разы ў чатыры па плошчы.
Ці набярэцца ў саміх Докшыцах хоць два – ладна тры – кіламетры водаправода? У Глыбокім, калі ўзяць галоўныя вуліцы – Леніна, Чырвонаармейская, Кірава, Маскоўская, Горкага, Савецкая – ужо за 15 кіламетраў будзе, а дададзім сюды іншыя другарадныя вуліцы, мікрараёны, ўнутрызаводскія сеткі водаправодаў – пад 40 км, хіба, будзе. У тым годзе рэалізаваўся, нарэшце, праект агульнагарадской каналізацыі. Вельмі складаная схема каналізацыі з-за асаблівасцяў рэльефу Глыбокага – то пагоркі, то ўпадзіны, а то яры і рэчкі. Мусіць быць некалькі станцый перапампоўвання!
Тое самае і з Паставамі, якое цягнецца на 7 кіламетраў, і па насельніцтву, таксама, у 3 разы большыя за Докшыцы. Паставам свoй бы Водаканал мець! З участкам у Докшыцах!
І ў Докшыцах філіял абласнога Водаканалу??? Яшчэ б зрабілі ў Лынтупах! У Падсвіллі!
Я патэлефанаваў аднаму чалавеку, былому супрацоўніку Глыбоцкага РВК, які ў тэме.
– Чаму так апускаюць Глыбокае па ўсіх накірунках? У Докшыцах – філіял абласнога Водаканалу, праектнае бюро, цэнтр выбарчай акругі, плавальны басейн. Ва Ушачах з насельніцтвам 5,9 тыс. насельніцтва ўзвялі супер-найноўшы ФАК з плавальным басейнам! Тое ж самае і ў Гарадку з 12 тыс. насельніцтва.
Ён кажа, што ўсе ў Глыбокім абураюцца, але ніхто нічога зрабіць не можа. Проста ў Віцебску сядзіць высокі чалавек, які родам з Докшыцаў, ён ўсё і вырашае!
Ладна, апусканне Глыбокага неяк перажыву, а вось што рабіць пастаўскім мальцам!!! Яны так пільна сачылі за цнотай Паставаў. Не будзем Глыбоцкага ваяводства! Не ляжам пад Глыбокае! Ім нават удалося адбіцца ад дамаганняў Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната на іх малаказаводзік і гандлёвую марку “Паставы-гарадок”. А тут – на табе! Ляглі пад Докшыцы!
Даслана Уладзімір Скрабатун, 06.03.18