3/15/2018

Вершы Людмілы Ардынскай

МУЗЫКА  ЖЫЦЦЯ


У луг квітнеючы пайду:
Цвіце чабор і пахнуць травы.
Дзе больш такі куток знайду,
Які жыццёвых сіл прыбавіць?

Над зёлкамі гудуць чмялі,
Мядок збіраюць з кожнай кветкі.
Пяюць над рэчкай салаўі,
І лашчыць твар свавольнік-ветрык.


Вятры-гарэзы разнясуць
З лугоў духмяны кветак водар.
Не тых, што ў садах цвітуць,
А першазданных той прыродай.

Жыццё, як музыка гучыць –
Услухайся ў яе тоны.
Успырхне блакітны матылёк,
І па травінцы скача конік.

І гэта радасць ад жыцця
З прыродай у адно зліецца,
І зразумееш да канца
Яе і мудрасць, і адвечнасць.

Так хочацца на свеце жыць
І слухаць, слухаць зямлі звоны
Там, дзе Бярозаўка бяжыць
Паміж лясоў, лугоў зялёных.


МАЁ ГЛЫБОКАЕ

(Да 600-годдзя горада)

Белыя постаці велічных храмаў.
У люстры – азёры глядзяцца аблокі.
Узвышаецца ў неба святымі крыжамі
Родны мой горад з найменнем Глыбокае.

Узбег – на ўзвышшы, сыходзіш у нізіны.
Твой лёс падзяляла Бярэзвіца – рэчка.
У гісторыі след свой адметны пакінуў
Водгук вайны, вечны боль – Беразвечча.

Мой горад – радзіма славутасцяў – зорак,
Асветнік, ваяр, Божых храмаў фундатар
На плошчы ў бронзе застыў Язэп Корсак.
Ягонаю спадчынай горад багаты.

Чужынцаў нашэсці і войн разбурэнні
Мужна і стойка табой перажыты.
І намаганнямі ўсіх пакаленняў
Будзеш квітнець, малады, працавіты.

Нашчадкі нясуць тваю славу і гонар,
Як запавет нашых продкаў далёкіх.
У краі азёрным жыве родны горад
Са сціплым найменнем Глыбокае.


ГЛЫБОЦКІ ВАЛЬС

(Да 600-годдзя г. Глыбокае)

Дзе сінеюць азёры,
Ты ўзнік, родны горад,
Усе вякі непахісна стаіш.
Узнёсла вежамі храмаў,
Увысь святымі крыжамі
У бязмежнай прасторы глядзіш.

З году ў год прыгажэйшы
Для мяне ты раднейшы.
Красы лепшай не трэба шукаць.
Ты стагоддзяў не лічыш,
У тваім гордым абліччы,
Глыбачан – продкаў працу відаць.

Іх, славутых і знаных,
З тваім лёсам звязаных,
Нам, нашчадкам, у вяках шанаваць.
А жыцця іх дарогі
Маладым дапамогуць
Новы летапіс краю пісаць.

У парках лісцем зялёным
Шумяць ліпы і клёны,
І азёры іскрацца святлом.
Край блакітных азёраў!
У ім – адзіны мой горад
Мілы сэрцу, радзіма, мой дом.


ПРЫВІТАННЕ, МАЯ ГЛЫБОЧЧЫНА!


Глядзяць у неба азёры-вочы…

Еду дадому шляхам знаёмым.
Сэрца шчыміць, усё тут дорага мне.
Бераг азёрны, а ў высях зорных
Падаюць знічкі, што бачыла ў сне.

Колькі ж  прайшла я па розных дарогах!
А шлях нялёгкі мне лёс дараваў.
Сцежкі – дарогі, болі – трывогі…
Толькі кут родны мне сілы даваў.

Чым у ім багата? – Як памяць хата,
Дзе мне ніколі-ніколі не жыць.
Падае знічка ў нашу крынічку,
І ручаінка ў полі бяжыць.

Хтосьці прыходзіць у крынічны калодзеж –
Больш за паўвека ў садочку стаіць.
Поўніць вядзерца бацькава сэрца.
Смагу ўжо іншых людзей спаталіць.

Еду дадому шляхам знаёмым.
Памяць у вершы аб ім будзе жыць,
Родным Глыбокім, што так далёка.
І да яго шлях праз сэрца ляжыць.


***
Сонечным ранкам, якому дзіўлюся,
Яснаму небу і творцу малюся.
І ўсёй зямлі, што завём Беларуссю,
Я пакланюся, я пакланюся.

Сіняму бору, зімой што ў срэбры,
Ніве ўрадлівай, што корміць нас хлебам,
Светламу гаю – роднаму краю
Я ў любові сваёй прысягаю.

Шчасце ў краі такім нарадзіцца,
Дзе б’юць крыніцы з гаючай вадзіцай.
У полі каліну і тыя крыніцы
Мне не забыцца, мне не забыцца.


МОЙ ГОРАД


Чыстае поле ў замерзлым акне.
Белая роўнядзь і снежная замець.
Мерзне каліна ля хаты ў сне.
Сэрца шчыміць – растрывожыла памяць.

Аб той зямлі, дзе расла і жыла,
І аб сцяжынках, якімі хадзіла.
Аб белай вішні, што ў садзе цвіла –
Там родны кут, ён завецца радзімай.

З поўдня грамада аблокаў плыве,
У сіняй смузе лес далёка-далёка.
Дзесьці за лесам працуе й жыве
Мілы маленькі мой горад Глыбокае.

Горад начны. Ярка ззяюць агні.
З дальніх дарог мне свяцілі, як зоркі.
Святло іх праменіць з сівой даўніны
З будоваў магнатаў Зяневіча, Корсака.

Ад успамінаў на сэрцы цяплей
Бы ў твар павеяў ласкавы вятрыска.
Мне хоць у думках душу адагрэй,
Мілы мой горад, далёкі і блізкі.


ВОЗЕРА ВЯЛІКАЕ


Імкнуцца хвалі паглынуць
Азёрны ціхі беражок.
І набягаюць на пясок,
У вадзе гарлачыкі цвітуць.

Трыснёг, прытулак качанят,
Зялёнай крэпасцю стаіць.
А непагадзь як наляціць,
Тужліва чайкі закрычаць.

У ясны цёплы летні дзень,
Як усталюецца спакой,
Люструе – возера сабой
Процьлеглы бераг нібы цень.

Каб зазірнуць углыбінь вякоў!
Калі пачаў час адлічаць
Той дзень, як Глымба глыбачан
У лясы да возера прывёў?

Князь ворагаў зямлі знішчаў,
Непераможны Глымба быў.
Рос горад, беды перажыў –
З руінаў, попелу ўставаў.

І я тут пачынала жыць.
Душой здаўна звязана з ім,
Вялікім возерам маім.
Мясціны тыя не забыць.


РЫЧАРДАЎ КУТ


Як верасень прыйшоў у трыццаць дзевятым,
У пана Конца адабралі хату.
Чыноўнікам пры гміне мо служыў,
Але ў той час усёроўна панам быў.

Той дом яшчэ не быў дабудаваны,
Як і па Вольнай, у стылі Закапані.
Хто вызваляў наш край, часова адступілі,
А ў сорак пятым ужо насельнікаў сялілі.

Чужую ўласную маёмасць падзялілі,
Пакоі на закуткі перабілі.
Уладкаваць жытлом імкнуліся яны
Усходніх жыхароў, выгнаннікаў вайны.

У вайну, ці мо раней, памерлі пан і пані,
Ды Бог бярог дом у стылі Закапані.
Не выгналі, сын Рычард стаў там жыць,
Забралі ў войска  тэрмін адслужыць.

Не з’ехаў у Польшчу, мо б музыкам стаў,
Вайскоўцам ці дамы б праектаваў.
Быў просты будаўнік, сям’ю стварыў
І трох дачок у тым доме нарадзіў.

Акрамя Рычарда, пад дахам тым жылі
Усе людзі простыя, прытулак тут знайшлі.
Сутулы, дачка з маткаю Крывёнкі,
Сям’я вялікая Іосіфа Шарпёнка.

Алею пад гароды зааралі,
Але ірысы і півоні захавалі
Фашчэўскія, дзівіцца ўсе хадзілі,
А яблыні пароўну падзялілі.

Раздадзены сад увесну красаваў,
Наўрад ці Рычард яблык каштаваў.
І людзі вішні гаспадарскай не чапалі,
Хоць дрэвы паласой уздоўж мяжы стаялі.

У адзін закутак бацька мой папаў.
І печ сам майстраваў, і сцены тынкаваў.
Зімой ахвотна ў вуглы ўлязаў мароз,
Сад ледзяны ў вялікіх вокнах рос.

Расла й сям’я: амаль штогод з прыбыткам,
Ды і з радні ніхто быў не забыты.
І цётцы, й дзядзьку з іх драўляным сундучком
У нашае сям’і даваў прытулак дом.

Вайна нялітасціва бацькаў роў знішчала,
У цеснаце – не ў крыўдзе выжывалі.
І хто застаўся, тымі даражыў:
Пляменнік – сірата час нейкі жыў.

А час ішоў, і жыхары з’яжджалі.
Хто будаваўся ці кватэры атрымалі.
Да Рычарда лёс тварам павярнуўся:
У дзевяностых дом праз суд яму вярнуўся.

Ды дочкі ў тым пакойчыку старэлі,
Марудна дом узраджалі ацалелы.
Завошта столькі ён прыняў пакут,
Мне калісь родны Рычардавы кут?

А за цяперашняю крамаю было
Кустоўе снежнай ягады, цвіло
Ружовым непрыкметным дробным кветам
Дзяцінства памяць у маім садзе гэта.


РАДЗЮКОЎСКІ ДУБ


Калі за небакрай зыходзіць дзень,
Над лесам, бачна, поўня ўзышла.
Алей былых кідаюць дрэвы цень
На сцежкі і дамы майго сяла.

Дзе панскі двор быў, волат-дуб стаіць
У дазоры ля нястомнае ракі.
Карону ўзнёс і ў прастор глядзіць,
Бы вартавы, пільнуе Радзюкі.

За век даўгі зашмат ён перажыў.
Магутны, горды, хоць зусім адзін.
Яго Бароўскі-шляхціц пасадзіў,
Як нарадзіўся Вацлаў, першы сын.

Вятрам і бурам стража не зламаць,
Ён вытрымоўвае марозы і снягі.
Імкнецца ў высі небу расказаць,
Аб чым утойваюць вякамі берагі.

Дуб для нашчадкаў памяццю жыве.
Хто жыў і як? Чыя зямля была?
Сілкуе карані, і дуб расце.
Яму сто дваццаць сем, ён абярэг сяла.


ШАРКАЎШЧЫНСКІ КРАЙ


Тут здаўна-давён, мо тысячы гадоў
Да Дзвіны Дзісёнка з веку ў век цякла.
Уздоўж яе красуе ў квецені садоў
Бацькаўшчына наша, родная зямля.

Памятаюць продкаў берагі Дзісны.
Заснаван пасёлак, гонар шаркаўчан.
Храм, Чырвоны Двор, як сведкі даўніны,
У спадчыну пакінуў Лапацінскі Ян.

І жыве заўсёды ў памяці людзей,
Хто на ратным полі ворага знішчаў,
Хто на хлебадайнай ніве з дня ў дзень
Шчыра і аддана, плённа працаваў.

Навакол шумяць зялёныя бары
І палёў жытнёвых краю не відаць.
Мы зямлі сваёй цяпер гаспадары.
Ёсць багацце ўнукам у спадчыну аддаць.

Расцвітай жа, край наш, садам маладым!
Нам радзіму справай добрай праслаўляць.
І на радасць  усім Сікоравы сады
Будуць з году ў год прыгожа зацвітаць.

Удалячынь бяжыць, спяшаецца Дзісна,
Дзе квітнее светлы ад чаромхі май.
Сонцам зіхаціць чароўная вясна,
Абуджае мілы майму сэрцу край.


БЕЛАЯ РУСЬ


Белая Русь мая, светлая, чыстая!
Рэчкі, азёры, бярозавы гай.
Поле жытнёвае, ліпы вячыстыя –
Дадзены Богам бацькоўскі мой край.

Замкі Нясвіжа, святыні Глыбоччыны,
Горда Сафія стаіць над Дзвіной.
Продкаў далёкіх ты – спадчына-вотчына,
Наша Айчына, дзе родны кут мой.

Крыж Еўфрасінні і меч Брачыслава.
Свой крыж за мову пранёс Бурачок.
Верай узвышаецца, годнасцю, славай
Край бласлаўлёны сыноў і дачок.

У хоры магутным да вас данясецца
Голас мой песняй – Радзімы дачка.
У лузе квяцістым крынічкай праб’ецца
Тых спаталіць, у каго крыж Бурачка.


РАДЗЮКОЎСКАЯ ЗЯМЛЯ

Нашчадкам

Радзюкоўская зямля! Ты бацькоўская, святая.
Пад буслінымі крыламі тут з сівых вякоў ляжыць.
Цябе Бацькаўшчынай мілай, родным краем называем,
Дзе сярэбранаю стужкай удаль Бярозаўка бяжыць.

На падмурак радзюкоўскі вянец першы закладае
Знакаміты род Бароўскіх, герб свой мелі “Ястрабец”.
Абаронцаў, навукоўцаў ад іх у спадчыннасці маем.
І пачаткам роднай вёскі стаў той першы іх вянец.

Старажытная зямля – рай чаромхавы ў маі.
Ты з каленяў паўставала, галаву з бяды ўзняла.
Людзі працаю адданай родны край свой праслаўляюць.
Багацее, расцвітае радзюкоўская зямля.

Патанаюць у зеляніне землякоў – вяскоўцаў хаты.
Ад вяргіняў у палісадах вее дзіўнай цеплынёй.
Тут сусед суседа кожны лічыць сябрам сваім, братам.
Усіх гасцінна сустракаюць, хто прыходзіць з дабрынёй.

Чабаровыя лугі – сэрцу мілыя мясціны.
Ад ракі ў луг квяцісты сцежка росная лягла.
Самы лепшы кут у свеце, што завём малой радзімай,
Ён адзіны, незабыўны – Радзюкоўская зямля!


***
У блакіце – вясна,
А душа зноў – адна.
Апусцелі, бязлюдныя вуліцы.
І аўто на шашы
Спраў няма да душы,
І яна да бярозак прытуліцца.

А ў краі вясна.
Птушак гвалт, мітусня –
Усё віруе, ад сну абуджаецца.
Ужо не сумна душы,
Вось бягуць мурашы
І чаромхавы цвет распускаецца.

Разліе светлыню,
У душы – цеплыню.
Вясной смутак, туга адганяецца
Сонцам свет зіхаціць,
Душа ў мроях ляціць
І на лепшы свой лёс спадзяваецца.


***
Адзінота цяжарам кладзецца на плечы.
Ні ўздыхнуць, ні ўстаць, ні парады, як жыць.
Галавешка адна толькі тлее ў печы.
Галавешка адна аніяк не гарыць.

Няма з кім распаліць той агеньчык жаданы,
Каб сагрэць, асвятліць свой нядоўгі ўжо век.
Я кагосьці заву: адгукнецца ў тумане
Ці то звер, ці то птушка. Ніяк – чалавек.


ХАЛАКОСТ


(Аб генацыдзе яўрэйскага насельніцтва
ў Шаркаўшчынскім краі)

Балючае ёсць слова Халакост.
Яўрэяў у масавых расстрэлах, пераследах
Знішчэнне тымі, хто прыйшоў “nach Ost”,
Людзей знікненне азначае ён са свету.

Страшэнны лёс народ той напаткаў,
Што сорак год вадзіў прарок у пустыні.
Гасподзь людзям нябеснай манны даў,
Каб выжыць, – а нашчадкаў лёс: загінуць.

Зганялі іх у гета ў гарадах,
І газам у камерах удушалі і труцілі.
Палілі ў крэматорыях-пячах
І катавалі, голадам марылі.

Фашысты летам пачалі знішчаць
Народ яўрэйскі ў гета Шаркаўшчынскім.
Ахвяры ў помніку каля Дзісны стаяць.
Жывуць, пакуль ёсць памяць і ўспаміны.

Ёсць у нашым краі сведкі тых падзей,
У многіх сем’ях уцекачоў хавалі.
І чулі енкі, стогны тых людзей,
І бачылі, у няшчасных як стралялі.

Адзінкі ўратавацца з іх змаглі.
Знаходзілі, што ў лесе паміралі.
І кажуць, трупы па Дзісне плылі,
Чырвоныя ў бераг білі хвалі.

Аб Шоўдрыках і Груздавым, аб Радзюках
У народзе не сціхаюць успаміны.
Адсюль пайшлі ў свой апошні шлях,
Там ім жыццё адлічвала хвіліны.

І кажуць сведкі, што душа баліць,
І сэрца ўспаміны ўсё трывожаць.
У памяці ахвяры будуць жыць,
Яна ўсе злачынствы пераможа.


ПАМЯЦЬ СЭРЦА


Стаяць у нашым краі абеліскі.
Як памяць сэрца – ёй заўсёды жыць.
Прыходзяць людзі пакланіцца нізка,
Шлях да герояў у вечнасці ляжыць.

Ад каласістых ніў, ад роднай хаты
Пайшлі ў агонь пякельны, горкі дым.
Іх тысячы лягло на полі ратным,
Схіліцеся прад земляком сваім.

Даніну ўдзячнасці мы пасылаем
Тым, хто Айчыну нашу ўратаваў.
У памяці сваёй мы збярагаем
Імёны тых, хто дзеля нас жыццё аддаў.

Да помнікаў салдатам, абеліскаў
У памяць вёсак спаленых, дзяцей
Ускласці кветкі і схіліцца нізка –
Доўг без вайны народжаных людзей.


Я – НАСТАЎНІК


Настаўніка я званнем ганаруся,
На ўрок іду ў клас, як у першы раз.
За веды вучняў і за лёсы іх хвалююся,
Як родны дом, злучае школа нас.

Прыпеў: Сцяжынка школьная за вокнамі ўецца.
У школьным вальсе кружацца гады.
А мне здаецца, маладзее сэрца –
Пакуль я з вучнямі, я буду малады.

Любімай справе захаваю вернасць,
Да вучня кожнага знайду асобны шлях.
У вачах дзіцячых бачу я даверчасць,
Дапытлівасць, цікавасць у іх вачах.

Прыпеў.

Бацькоўсакі дом і школа,  вы мне родныя.
У старонках біяграфіі маёй
Звязала нас здаўна сцяжынка школьная,
А колькі вёрстаў пройдзена па ёй!

Прыпеў: Сцяжынка школьная за вокнамі ўецца.
У вялікі шлях жыцця ўліваецца яна.
Душы маёй часцінка застаецца
У вучнях, што ідуць па ёй штодня.


РОДНАЯ МОВА


Людзі едуць у чужыну, нязведанасць
Лепшай, долі і шчасця, шукаць.
Дзівакі! Бо, напэўна, не ведаюць:
Без Радзімы яго не спазнаць.

І жывуць беларусы ў Амерыцы
Пад шаленства рэкламных агнёў.
Мне ж багацця не трэба, паверце,
Без каліны маёй пад акном.

І без роднае матчынай мовы
Свет мне белы здаецца не той,
Я, па словах паэта вядомага,
“Без яе сірата – сіратой.”

Зімна, росна, сцюдзёна, вятрыска…
Дзе яшчэ тыя словы пачуць?
З песняй матчынай у калысцы
Ты люляла мяне, Беларусь.

Не, не зганьбіць яе і не знішчыць,
Ужо не раз узгараў сыры бор,
Мілагучная і меладычная
Наша мова ляціць у прастор.

Ёсць два родныя блізкія словы,
Век у сэрцы ў нас будуць жыць.
Гэта словы – Радзіма і Мова.
Будзьма імі, сябры, даражыць!


ДУША

(Памяці Рыгора Барадуліна)

У дзень сакавіцкі шлях свой пачала
Ад сцен святых Сымона і Алены.
Да ўшацкае зямлі яна дайшла
Ля продкаў могілак спыніцца на імгненне.

Адтуль далей у нябёсы пехатой –
Казаў, душа паэта так зыходзіць.
Здаецца, захлынуўся нематой
Твой родны кут, Уша дзе воды коціць.

Яна пайшла вясноваю парой
Да Шляху Млечнага, што лічаць раем,
Хаду спыніла за апошняю гарой,
Каб развітацца тут з бацькоўскім краем.

О, колькі дабрыні яна ўзяла!
І шчырасці, любові і адвагі
Ад той зямлі, што роднаю была,
Чыю і мову не дала ў знявагу.

Заўсёды заставалася сабой
Для ўсіх адкрытаю і зразумелай.
Сапраўдны беларус заўжды з табой,
Душою роднаснай, пакутнай і збалелай.

Сябе без мовы пачувала сіратой,
За гэта лёс напоўніцу аддзячыў
Духоўным светам беларушчыны такой,
Якой ужо ніколі не ўбачаць.


КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ


“За Бацькаўшчыну!” – ён склікаў народ.
Сяляне йшлі і шляхта ў яго войска.
Сцягі паўстання ўзнялі ў той год,
Усіх на чале – зямлі сын Каліноўскі.

Душыцелі зямлі яго вялі
Да шыбеніцы, змагара за шчасце,
Чыю і мову, й годнасць затаўклі
У гразь, у народа аднялі багацце.

Крынічка памяці аб Кастусю бруіць.
З яе – мужыцкай праўды ручаіна.
Бы голас Каліноўскага гучыць:
“Узнімайся, мой народзе, за Айчыну!”


ДУХОЎНЫЯ БАЦЬКІ


Над рэчышчам, дзе плынь ракі вялікай,
На ўзвышшы дубы-волаты стаяць.
Там Барадулін, Караткевіч, Васіль Быкаў.
За імі годныя выстройваюцца ў раць.

Увысь каронай узносіцца Бураўкін.
Душа, як сябрава, йшла пехатой у неба.
Тут постаці Брыля і Глебкі, й Танка,
І карані глыбока ў роднай глебе.

Там Панчанка, Шамякін, Мележ, Броўка.
Багата прозвішчаў, шчэ доўга іх лічыць.
Усё зелянее, шырыцца дуброва –
Купала з радаснай усмешкаю глядзіць.

Андрэй наш Макаёнак не забыты:
З народным гумарам і жартам сябраваў.
Лявоніху ён вывеў на арбіту,
У Лявоне беларус сябе пазнаў.

Як абаронцы Бацькаўшчыны, мовы
Глядзяць з надзеяй у дваццаць першы век.
Прыйшлі каб беларусы да высновы,
Гарой за спадчыну ўстаў бы кожны чалавек.

Духоўныя бацькі ад нас зыходзяць,
Але і думкам іхнім, марам не здраньцвець.
І цягнуцца да іх памкненнем людзі,
Агеньчык памяці аб іх будзе гарэць.


***
Мілагучна-ласкава-лагодная,
Наша скарбніца залатая!
Самабытная, сціпла-пяшчотная,
Ганарымся табой, зберагаем.

Трапяткая і светлая, шчырая,
Ты – душы і народа аснова.
Табе рады, як птушачцы з выраю,
Наша родная матчына мова.


ПОМНІК У ГОНАР БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ


Які ў гонар твой паставяць помнік,
“Самаадданая да самазабыцця,
Ахвярная, пакутлівая мова”,
Ласкава-сціплая, пяшчотная мая?

Ці будзе сумнаю калінаю пахілай
Каля вясновае, вірлівае ракі?
Ці птушкай, у якой звязалі крылы,
Забаранілі песні на вякі?

Ці крыжам на зямлі яна паўстане,
Што па жыцці Мацей нёс Бурачок?
Ці зоркай сіняю на золку прад світаннем,
Паэту што ўначы асвечвае радок?

У помніку хай птушкаю лунае,
Крылатай, спеўнаю над вольнаю зямлёй.
У каго Мацея крыж, хай акрыляе
Народны, вечны помнік будзе той.


Ў

“Ў” беларускае, “Ў” нескладовае –
Літара мовы і гук адмысловы,
Што нам спрадвеку гучаннем кароткім
Перадалося ў маўленні ад продкаў.

Чуецца ён у бязмежжы палёў,
У гушчары пракаветных лясоў.
Сягае выгінаў рачных берагоў
Над роўняддзю белых бліскучых снягоў.

Поўню трымае ў зоркавым небе,
У ніўцы ўрадлівай, што корміць нас хлебам.
Свой ён у вялікай колькасці словаў
Гукам і літарам матчынай мовы.


КРЫНІЧКА


У лузе чыстая крынічанька бруіцца.
Журчыць, гамоніць доўгія гады.
Хто мае смагу і паспеў стаміцца,
Хай паспытае цудадзейнае вады.

З глыбокіх нетраў цяжка ёй прабіцца,
Вада заўсёды каб сцюдзёнаю была.
Каму пашчасціла з крынічанькі напіцца,
Таму яна і моцы надала.

У ёй жыватворная вада не замуціцца,
Крыштальнай чысціні вадзіца б’е.
Вякі крынічка – цуда будзе ліцца.
Паслухай, як звініць, нібы пяе.


БРАЧЫСЛАЎ

(Да 950-годдзя Браслава)

У паданнях аб Дрывятах і Навяце –
Між імі горад на памежжы ўстаў –
Князь Брачыслаў на Замчышчы ў варце
За вотчыну высока меч узняў.

Аточаны Дрывятам і Навятам,
Меў горад абарончыя валы.
Крыжы ўзносіліся храма ўніятаў
І Свята-Мікалаеўскай царквы.

Нізіны, узгоркі і лясы Браслаўя –
Уся крывічоў спрадвечная зямля.
Ад полацкіх князёў ты, горад слаўны,
Агні мінуўшчыны бы свецяцца здаля.

Сучасны горад – нашых продкаў слава,
І годнасць вотчыну сваю абараняць.
І сёння з Замчышча, уладання Брачыслава
Наўсцяж сваё мінулае відаць.


КРЫВІЧАНКА


Я да святой зямлі, дзе кут радзінны,
дзе продкі з даўніны сівой жылі,
да бласлаўлёнай крыжам Еўфрасінні
імкнуся да бацькоўскае зямлі.

Сілкуюся карэннем свайго роду,
Якое ў глебе з глыбіні вякоў.
Нашчадак я славянскага народу,
тых крывічаў, што Крыў сюды прывёў.

Ува мне душа славянская жыве
па продках птушкі вольнай – палачанкі,
і летуценна ў воблаках плыве
Над Спасам і Сафіяй сінім ранкам.

Дух неўміручы прадаўжае жыць
З няскоранаю воляй майго роду.
Над Палатой, Дзвіной душа ляціць,
над вотчынай Рагнеды й Рагвалода.


ЛЯЎКІ


Колькі восеньскіх дзён –
У бронзе стылы лісток –
Вёснаў, летаў і зім пралятала!
Дум народных уладар і змагар, і прарок,
Мы прыйшлі да цябе, наш Купала.

Цішынёй урачыстай і зеленню дрэў
У летні светлы і сонечны ранак
Ты чакаў нас, Купала, гасцінна сустрэў
Усіх і наш шаркаўшчынскі “Світанак”.

Мы прыйшлі пакланіцца, ты вечна жывы.
На Дняпро твой погляд задуменны.
Аб чым марыў, з табою размову вялі
Роднай мовай усе пакаленні.

Нас дарогі здалёк да цябе прывялі.
“Знікнуць мова бацькоў не павінна,” –
Абяцанне на сцежках Купалы далі.
Сведкі гэтага – явар з калінай.

Свае вершы складаў на аршанскай зямлі,
Хоць Вязынкі табе не ставала.
Памяць тут, у Ляўках, аб табе збераглі.
З усіх куточкаў ідуць да Купалы.

Усім да сэрца твайго шлях шырокі ляжыць,
І ніколі не стане ён вузкім.
Абвясціў на ўвесь свет: “Беларус будзе жыць!”
З песняй, з мовай сваёй беларускай.


БЕЛАРУСКІ РУШНІК


Беларускі рушнік –
з ім гасцей мы вітаем
З хлебам-соллю на ім
ад духмяных лугоў,
А жытнёвых палёў
свайго роднага краю.
Як зямлі абярэг
па шляхах ён  нас вёў.

Ён – спрадвечны,
сатканы з лучынай
Думкі-мары народ
ва ўзор укладаў.
Кветкі-краскі на ім
вышывала дзяўчына
І чакала таго,
хто б на ім поруч стаў.

На чырвоным куце
ён ахвяраю Богу.
Крыжам вяжуць сваткам
на вяселле ў сталы.
З рушніком выпраўляе
матуля ў дарогу,
Каб сынок і дачушка
ў шчасці жылі.

Беларускі рушнік наш
хай звязвае сэрцы.
Ён сатканы з ільну,
што блакітам у палях.
Рук тварэнне людскіх
нам з любоўю братэрскай
Паважаць, шанаваць,
зберагаць у вяках.


ВЫШЫВАНКА


У беларускай вышыванцы
Увасоблена жыццё.
Дні і ночы і світанкі –
Да зыходу ў небыццё.

На абрусе, на кашулі,
Рушніках і фартушках
Вышывалі прабабулі
Доўгі свой жыццёвы шлях.

Жыцця кожнае імгненне
У ёй – адметнейшы ўзор.
З нараджэння і хрышчэння
Пачынаўся першы твор.

Ніты роўненька кладуцца…
Што данеслі праз вякі?
Расшыфроўвываць бяруцца
Наш арнамент знатакі.

Промні на ільне праб’юцца
Над палоскамі жніўя.
У вуглы, як дом, звядуцца –
Вызначаецца сям’я.

І ў госці, і на святы
Апрануць яе не грэх.
Спадара і яго хаты
Вышыванка – абярэг.

У нашай скарбніцы не пуста.
Ён ствараў не проста так:
Шчыра, з талентам і густам
Мудры беларус-мастак.

Вышыванкі адраджаем,
З нашай спадчыны яны.
Беларуса гонар маеш?
Як твой прадзед, апрані.
БЕЛЫ БУСЕЛ

У вышыні кружыць бусел,
Узмахне белым крылом
Над зямлёй Белай Руссю,
Дзе радзіма, мой дом.

Тут схілялася маці
Над калыскай маёй.
Край мой – лёс і багацце,
Я навекі з табой.

Назаўсёды ў сэрцы
Мой чаромхавы рай.
Рэк, азёраў сінеча
І бярозавы гай.

Бусел кружыць, лунае,
Памахае крылом
Нібы ён адчувае
Шчырых сэрцаў цяпло.

Дабрынёю багатых
Шчырых сэрцаў людскіх.
Белы бусел над хатай –
Мір, спакой на зямлі.


КУТОЧАК З НАЗВАЙ РАДЗЮКІ


Маё сяло! У ім мне жыць,
Дзе родны дом і дзе павольна
Рака Бярозаўка бяжыць,
Шуміць калоссем спелым поле.

Тут неба, лес і журавы
І нівы збажыною цешаць.
Сустрэнуць тут мяне сябры
І добрым словам, і ўсмешкай.

Мой родны край, запомню я
Якім бы шляхам не хадзіла:
Ёсць родны кут, мая зямля,
Дзе сэрцу люба ўсё і міла.

Маё сяло, ты з году ў год
Расці, квітней маёвым садам!
Хай багацее наш народ,
Сусед суседу стане братам.

Куточак з назвай Радзюкі,
Дык прыгажэй праз вёсны й зімы!
Квітней жа доўгія вякі,
Мая зямля, мая радзіма!


ПЕРШАЯ НАСТАЎНІЦА


Я зноў у роднай школе, у сваёй вёсцы.
Знаёма тут і міла ўсё да болю.
Лісточак жоўты падае з бярозкі,
Аб нечым ціха шэпчуцца таполі.

Запомнілася сонечная раніца,
Калі прыйшла ў школу, у першы клас,
І мая першая любімая настаўніца
За парты пасадзіла нас.

Мы з ёй вучылі літары і лікі
І смела ўжо чыталі па складах.
Яна ў сшытках выпраўляла нам памылкі,
Гарэў агеньчык у вокнах па начах.

Здаецца, кветкі ківалі ветліва,
Як уваходзіла яна ў клас.
Сваёй усмешкай ласкавай, светлаю
Яна, як маці, сагравала нас.

Як сівізна пасерабрыла яе скроні,
Мы, дзеці, не прыкмецілі ў той час.
Аб гэтым мне цяпер званок напомніў,
І дзеці, што прыйшлі ў першы клас.

Я адчуваю пах знаёмы фарбы,
А на ўроках – цішыня, як і была.
І сесці зноў мне хочацца за парту,
Каб у клас мая настаўніца ўвайшла.


ЯЗЭП ДРАЗДОВІЧ

(Да 120-годдзя з дня нараджэння)

Па гасцінчы моўчкі ішоў Язэп Драздовіч.
У яго кайстры ззаду – мастака прылады,
Капялюш ад сонца – вечны ён вандроўца.
Пад ліпай высокай хаваўся ад спёкі,
Чыстая крыніца паіла вадзіцай.
Начаваў у полі – у небе безліч зорак.
Магутнасць Сувету… Пабачыўшы свету,
Мо хацеў адкрыць ім душы таямніцы.

Ціха і нясмела стукаўся ў дзверы.
Абагрэцца просіць, хто і сам запросіць.
У вечаровай цішы прымаўкі запіша,
Ці казку пачуе, ураз і занатуе.
І трапныя слоўцы ў моўнай скарбонцы.
Заходзіў у хаты, маляваў багата
Дываноў і кветак – усё нам запаветам.
Дыванкі, макаткі былі ў кожнай хатцы.

Гронкі арабіны, ружа – квет шыпшыны,
У жыце – валошкі, ходзіць пэндзаль лёгка.
Уздыхне з палёгкай, у малюнкі ўкладае
непаўторнасць краю.
У квецені лета фарбы ён падгледзеў.
І ў дажджы, і ў спёку па лузе шырокім
Ішоў па краі моўчкі наш Язэп Драздовіч.
Нёс любоў у сэрцы да роднага краю.
Каго людзі помняць, той не памірае.
Зямля не забудзе – дарыў радасць людзям.


ЗЯЛЁНАЯ ЛОНКА


На ўскраіне вёскі – Зялёная Лонка –
Так назва фальварку Багуцкіх гучыць.
Гнілуха ахвярна напоўніць Дзіснёнку
Насустрач Бярозаўцы – рэчцы бяжыць.

На беразе нізкім, дзе поплаваў лона,
Таполяў вяршыні і клёнаў шумяць.
Узвышшам імкнуцца у небным бяздонні
Зямлі таямніцу яму перадаць.

Аб тым, як збяднелага роду нашчадак
Пакінуць быў змушаны родны свой кут?
Замшэлыя дрэвы, парэчкі за градамі
З шыпшынай спляліся, шчэ й слівы растуць.

У народзе пра шляхту і жарт захавалі.
Жанчыне, якая ўладарнай была,
– Як пані Багуцкая, – у вочы казалі:
Размову загадамі толькі вяла.

Ці можа аб тым, як варожай навалай
Вайна наляцела ў пакутны наш край?
У Лонцы былі пахаваны салдаты –
Трымалі рубеж абаронны ад зграй.

Апошнім прытулкам Гнілухі стаў бераг
Ахвярам нацызму, што з гета ўцяклі.
Праз семдзесят год, нават цяжка паверыць,
Што памятны знак тут яшчэ не ўзвялі.

Зялёная Лонка травой зарастае,
Калісь шчыраваў люд на тых берагах,
Дзе плешча Гнілуха, бяжыць, не змаўкае
І цешыцца з сонцам у зялёных лугах.


РАДЗЮКОЎЦЫ

(Урывак з паэмы)

Уздоўж Бярозаўкі – ракі – вёска з назвай Радзюкі.
Жыхары, як аўцюкоўцы, усе на жарты адмыслоўцы.
Вось абрысы лёсаў радзюкоўцаў простых.
Ёсць тут лёгкі гумар, але без прыдумак.


ВІНЦУКОВА ТЭСЯ


Вінцукова Тэся жыве ў інтарэсе.
Восемдзесят мае, твару не губляе.
Беражэ ў сакрэце рэцэпт даўгалецця.
Старасць адганяе, у хату не пускае.
Кажа: “Маю рацыю рабіць андуляцыю”.
Рукі не складае, хату даглядае.
Вокны расфарбуе, альтанку змайструе.
Буслы й бусляняткі гнездзяцца над хаткай.
І красуюць кветкі, прыяжджайце, дзеткі,
Ды прыходзьце, унучкі, у госці да бабулькі.
Унукава вяселле ў Таліне сустрэла.
У разгары балю ў масцы завітала.
Радня не пазнала! Танчыла, спявала,
Сыпала прымоўем – дык жа з Радзюкоў я!
Вяла рэй у танцы – былым падыспанцы.
З мясцовай эстонкай адшпарыла польку.
Іх мясцовы танец развучыла танчыць –
Спадніца ж не вузкая! Знайце: беларуска я.
Як пра ўсіх напішаш, дык і кніжка выйшла б.
Спадары выдатныя, на ўсе справы здатныя,
І майстры на слоўца мае радзюкоўцы.


ВАСІЛЬКА ЧОРНЫ


Наш Васілька Чорны зведаў буры й штормы
У ледзяных заторах у Баранцавым моры.
Як прыйшоў дадому, стаў тут аграномам,
Аддаваў ён полю часу больш, чым дому.

Не складаў паперы, а ботамі мерыў
Тых палёў гектары, ураджай даць марыў.
Уставаў да рання – верны быў прызванню.
Сыпалася мерна ў сховішча зерне.

Працаваў заўзята, у зеляніне хата.
У вольную часіну вокны ў сад адчыніць,
У свет гукаў чароўных – загучыць Бетховен.
Моцарт, Бах, Чайкоўскі – цуд у свеце боскім!
Кажа: “Што мне свінні?” – Слухаю Расіні.

Фугі і прэлюдыі паслухайце, людзі!
Жыццё хуткацечнае, а музыка вечная.”
“Эрудыт ён,” – кажуць. Запытай, адкажа
Вам на ўсе пытанні, а на развітанне
Вершы прачытае з паэзіі высокай Пушкіна ці Блока.


***
Ветурач быў слынны – Пундзіс, сын Альбінаў.
Лячыў дойны статак і малых цялятак.
Гады аддаў  ферме ён, прызванню верны.
Спяшаўся ад слова ратаваць каровак.

Цяліцца павінна – выдасць вітаміны,
Параіць дабаўкі ў корм Красулі,Чайцы.
– Захварэлі свінні, памажы, Альбінавіч.
Штосьці з свінаматкай! – Будуць парасяткі.

– Можа ты ад рожы, доктар, дапаможаш?
Як трывалі ногі, а ішоў на дапамогу.
Як здаровы статак, дык і людзі рады.
Да людзей з увагай – заслужыў павагу.



***
Вось жыве Альдонна, валіць усім валёнкі.
Ходзяць аб ёй чуткі, лепш няма абутку.
Як, дзе няма печы, косці грэць старэчыя?
Пашые сукенку, надзенеш – паненка!
Пяе ў карагодзе, чуваць у народзе.

Ну а Шпак Ларыса вершы й песні піша,
Край свой услаўляе, сама і спявае.
Распаліць калоду, блін спячэ салодкі.
Сыр-клінок згатуе, ім і пачастуе.
Не патрэбны словы, смак жа адмысловы.
І груцы наварыць у Віцебск да “Базару”.


ПТУШКА ЎЛАСНАГА РАЮ


На чужую зямлю я прыйшла,
Хоць і мела сваю з нараджэння.
Шлях пакутны душа прыняла.
Божа, колькі ты даў ёй цярпення!

Зачапілася ля ручайка
За галінку калючай шыпшыны.
Ды зласліва чыясьці рука
Спрабавала гняздо маё скінуць.

Тут у птушках чароды свае.
Я – залётная птушка чужая.
Салавей неяк сумна пяе,
Варання вакол чорныя зграі.

Пачынала нясмела спяваць –
Гвалтам спеў вераб’і паглыналі.
Прымушалі той спеў абарваць,
У дапамогу шпакі наляталі.

Сад з гняздом я ў пустэчы ўзняла,
Дзе свае мне лісцінкі, галінкі.
Кветкі, дрэўцы вітаюць: “Свая!
Ты нам родная, ты не чужынка.”

Тут мне птушкай залётнай дажыць
У куточку ўласнага раю,
Дзе Бярозаўка – рэчка бяжыць,
Дзе, прабач, хоць і сумна, спяваю.


З  ДАРОЖНАГА СШЫТКУ


Як змейка, гравейка бяжыць.
Уздоўж яе вёскі стаяць.
Глыбінка. Ільны. Сенажаць
У пракосах духмяных ляжыць.

Шарэюць шалёўкамі хаты.
У кожнай свой выгляд, як твар.
Знямог ці збяднеў гаспадар,
Дзе вокны глядзяць слепавата?

Удава касу спрытна мянташыць,
Ды трэба было б пакляпаць.
Вось грошай замала наймаць
Бур’ян абкасіць – штрафам страшаць.

Гародчык з паваленым плотам,
І конь на тры вёскі адзін.
Пазбыцца галечы – бядоты
Паехаў у Піцер твой сын.

Той агра – цяпер гарадок.
Пакінуць прымушаны дзеці,
Каб месца знайсці ў чужым свеце,
На хлеб прамяняўшы куток.

Так вёскі ўміраюць паціху.
Вяселлі каму ў іх спраўляць?
Там толькі, відаць, гадаваць
Буслу сваіх дзетак з бусліхай.


***
Прыйшла у свет, зіма студзіла.
Бог удыхнуў душу паэткі.
Узняў яе лятаць па свету,
Даў цеплыню, і моц, і крылы.

Жыву ў ладзе з дабрынёю,
Усцешыць тых, хто плача, рада.
Надзею даць зямному брату,
Што дзень пачнецца светлынёю.

Любоўю выкрэслю бяду
Тых, хто ў адчаі, паняверцы.
У сэрцы адчыняю дзверцы –
Са словам праўды ўвайду.


МАЁ СЛОВА


Я прыйшла да вас, слова бяру.
У душы яно крыхам зыходзіць.
Бы глухія з нямымі ў згодзе,
Ці вы чуеце, што гавару?

І ці дойдзе да ўсіх голас мой?
Зычыць ён, каб быў кожны шчаслівы,
У няпростым жыцці мітуслівым
Заставаўся заўсёды сабой.

Каб не кідаў і не штурхаў
Ад сябе сваёй роднае мовы.
На ёй песні б ліліся, размовы,
Каб народ больш яе не губляў.

Я сыду, а пакуль гавару,
Хай пяе аб тым у лузе крынічка,
Крэсліць шлях да яе ў небе знічка.
Вы паслухайце: слова бяру.


***
Кропелькай, зусім маленькай,
у моры таленту плыву.
Непрыкметнай зёлкай кволай
сярод кветак зацвіту.
Птушкай дробненькай, нясмелай
сінім ранкам запяю.
чутнай ледзь бруёй крынічнай
у ручаінку пацяку.

Кроплі ў хвалях б’юцца пенай,
абмываюць берагі
Зёлак розных россып, кветак
Упрыгожвае лугі.
Птушкі песнямі і свістам
абуджаюць лес і гай.
А з крынічак, дзвюх ці болей,
да ракі бяжыць ручай.

Кропляй, зёлкай, птушкай, знічкай –
кім заўгодна б я была,
Мовы матчынай крынічка
каб быллём не зарасла.
Усе жыцця свайго імгненні
я напоўніцу б прайшла,
Каб бацькоў святая мова
не йснавала, а жыла.

Хто яе нам аброніць?
Ты ахоўнікам ёй будзь!
Няхай белаю варонай
ці інакш як назавуць.

Мо калісьці зоркай-знічкай
буду падаць над зямлёй.
Хтосьці ўспомніць:
не зраклася роднай мовы я сваёй.


МРОІ

Жыву ў мроях я ўся,
На свята просіцца душа.
Аднойчы буду святкаваць –
Пяром не пэндзлем маляваць.
Прывідны, ілюзорны свет.
І для паэта не сакрэт,
Што ў гэтым свеце існуеш,
Таму і дыхаеш, жывеш.

Ці можа з іншых мы планет,
Дзе толькі ёсць духоўны свет.
Без чорна-белых ён палос,
Дзе іншы, шчаслівейшы лёс.
Дзе ўсе – сапраўдныя браты,
Дзе без падману і лухты,
Без злосці, зайздрасці жывуць,
Дзе толькі песні і пяюць.

Там грошай, золата няма,
І толькі радасці цана
І цішыні, і дабрыні.
Так хутка не праходзяць дні.
Няма там лета і зімы,
А толькі промні цеплыні,
Выток якім – сам чалавек,
Даўжэйшы там ягоны век.

Жыццё ў тым свеце не звышгук,
Ён мае крылы замест рук.
Куды захоча, паляціць,
Каб толькі жыць, каб толькі жыць!
Няма ні войнаў, ні гармат,
Там светлы і чароўны сад.
Ліе пяшчотны дзіўны звон,
З куль войнаў пераліты ён.


***
Зламалася пяро маё,
Вярнуся ў рэчышча сваё.
Халодны з хмары дождж паліў,
А мроі там, дзе нарыс быў.
Вы скажаце: “Дык гэта ж рай,”
А ты, што Бог дае прымай.
Хто ж замінае рай стварыць,
Як я намалявала, жыць?

Няўжо блакітная з планет
Адзначыць жорсткасцю Сусвет?
Апомніцца, хто і калі?
Жыццё як знікне на Зямлі?


НАГАДАЛА ЦЫГАНКА


Быць шчаслівай былі спадзяванні,
А інакш усё вызначыў лёс:
Нагадала калісьці цыганка
Кроплю радасці ў моры слёз.

Хоць была я за іншых не горшай,
Не пакрыўдзіў і розум даў Бог,
Толькі шчасця са жменьку, з прыгоршчы
Лёс прыносіў на мой парог.

З кропляй шчасця – так рэдка бывала –
Я, як птушка ўзлятала ўвысь,
Калі здраду, падман сустракала –
Так здаралася – падала ўніз.

І адно, што мяне трымала,
Горкі келіх ці спіты да дна?
Гэта светлыя думкі і мары
І любоў да слова здаўна.

Шкадавала мне шчасця цыганка,
Усё ж надзеямі поўняцца дні.
Не згасаюць, жывуць спадзяванні,
Хоць жураўлікам у вышыні.


КАЛІНА


Над ракой – каліна, яе белы цвет
У душы пакінуў сумны, горкі след.
Як над ёй салоўка весела спяваў,
Калі мне спатканне любы прызначаў.

Асыпаўся белы цвет калінавы,
Заціхалі песні салаўіныя.
І пара кахання ўжо даўно прайшла
Палыном сцяжынка наша зарасла.

Чырвоныя гронкі прымарозіла.
Іней з іх сцякае, тае слёзамі.
І стаіць каліна ў журбе адна,
Па вясне чакае ў госці салаўя.


ВЯСНА ЦВІЛА…


Вясна цвіла, спеў салаўя
Над рэчкай сэрца растрывожыў.
Не буду спаць аж давідна:
Цябе забыць душа не можа.

Расцвіў язмін, як успамін,
З галінкай бэзавай спляцецца.
Я веру: зноў твая любоў
Далёкім громам адзавецца.

А ўслед за ім, імгненнем тым,
Мільгне яскравай бліскавіцай.
Нагоніць хмар і мне на твар
У далоні цёпла будзе ліцца.

Я, хоць у сне, а ў той вясне,
Бо іншым мроям ужо не збыцца.
І над ракой хачу вярбой
Да цябе, клёна, прытуліцца.


РОДНЫЯ ПРАСТОРЫ

(Прысвячаецца Глыбоччыне)

Родныя прасторы, найярчэй тут зоры.
У небе – жураўліны паясочак – след.
Тонкія рабінкі, стужачка-сцяжынка,
Што ад роднай хаты павяла ў свет.

Люба ў мілы сэрцу родны кут вяртацца,
Прывітаць на Вежы спадароў буслоў.
Размаўляць на мове і не адракацца
Дараваных Богам і матуляй слоў.

Родныя прасторы, возера ўскрай бору.
І бярозак шэраг, дзе шаша лягла.
Спадчынай багата я да роднай хаты,
Да зямлі бацькоўскай на паклон прыйшла.


КАХАННЕ – ЗНІЧ


Не азірнуся. Ты не кліч.
Твайго спакою не парушу.
Прайшло каханне – у небе зніч,
Ужо не суцешыць, не ўзрушыць.

Чаромха воблакам плыла,
Як мы шукалі шчасця зорку.
Яна аднойчы не ўзышла,
Чабор палынам здаўся горкім.

У квяцістым лузе ля ракі,
На месцы нашага спаткання,
Паніклі, звялі васількі
Як сведкі смутку і расстання.

Не азірнуся, ты не кліч.
Мне сонейкам – рамонак белы.
Тваё каханне – у небе зніч.
І аджыло, і адбалела.


НЕ ЧАКАЙ


Не чакай, не сумуй і не кліч –
Адшумелі зялёныя вёсны.
Сыпле сад мне пялёсткі на косы,
Мрояй-згадкаю падае зніч.

Па сцяжынках кахання іду:
Заблішчаць па-ранейшаму росы,
І вясёлка зайграе ў нябёсах,
Заглядзіцца каліна ў ваду.

На сцяжынкі, дзе поруч ішлі,
Не вярнуцца зялёным тым вёснам.
Туманы ахалоджваюць росы,
Панясуць у вырай сум жураўлі.


ВІШНЯ БЕЛАЯ


Чараўніцаю вішня белая,
Прыгажуняю расцвіла.
І пяшчотная, і нясмелая
Нечакана любоў прыйшла.

Зноў пад вішняю белаю, мілаю
Будзе любы мяне чакаць.
Ноч кароткая, узмахне крыламі,
Час і зораньку сустракаць.

Асыпаееца вішня белая,
Засцілаюць пялёсткі мяжу.
Пра каханне сваё нясмелае,
Як сястрыцы, я вішні скажу:

Вішня, вішанька, я шчаслівая,
Што кахаю, прызнацца хачу.
Хуткай птушкаю, лёгкакрылаю
Над квітнеючым садам лячу.


ЯВАР І КАЛІНА

(песня)

Зелянелі явар і каліна
Дзіўнаю парою салаўінай.
Песні напявалі ім рачныя хвалі,
Між сабой шапталіся галіны.

Явара каліна чаравала,
Як ва ўборы белым красавала.
І ласкава веццем абдымаў ён квецень –
Усё пышней каліна расцвітала.

Песціла іх сонца, мілавала,
Да каханых промні пасылала.
Ён сваю каліну захінаў ад ліўню.
Дзякуй, любы явар мой, – шаптала.

Ёсць у народзе чуткі-ўспаміны,
Што была дзяўчынаю каліна.
У журбе бязмернай іх каханню верны
Стаў зялёным яварам хлапчына.

Бура чорнай хмарай налятала,
Явара з калінай паламала.
Адшумеў той явар, адцвіла каліна,
Не пачуюць песні салаўінай.

Дзе рос явар і цвіла каліна,
Б’е, бруіць крынічанька няспынна.
Прывід бачаць людзі, кажуць шчасце будзе,
Каму здасца хлопец там з дзяўчынай.


ЖУРАВАЧКА


Па балоце журавачка хадзіла,
Жорава, гаспадара гнязда згубіла.
Над узлескам усё лятала і шукала:
– Ой, чаго ж яго я так не шанавала?

Не заўважыла, як ад сяброў адбіўся,
Не ўзляцеў, бо моцна ён стаміўся.
І для звера стаў ён лёгкаю здабычай, –
Журавачка ўсё курлыча, сябра кліча.

Бедавала журавачка, гаравала:
– Ці вы бачылі яго? – ва ўсіх пытала.
Крык трывожны птушкі рэхам адгукнецца.
Верны сябар ёй ужо не адзавецца.


ТЫ ПАКЛІЧ!


Ты пакліч мяне, любы, – прыйду.
Шлях у цемры асвецяць мне зоры.
І бяду ад цябе адвяду,
Калі нават яна, як мора.

Белай чаіцай буду ўзлятаць,
Хмары чорныя не запужаюць
Ад няшчасця цябе ўратаваць,
Не спазніцца б крыло падставіць.

Я прыйду, мяне, любы, – чакай.
Пахне бэзавы сіні світанак.
Ты з пяшчотай мяне ўспамінай:
Як жа доўга былі ў растанні.

Не іду, бы на крылах лячу.
Загарэўся ружовы ўжо золак.
Спадзяюся і верыць хачу:
Не растанемся больш аніколі.


ЛОДКА КАХАННЯ


Хвалі павольна гайдалі лодку.
Я – на карме, а ты правіў вяслом.
Чаіца так грацыёзна і лёгка
Роўнядзь вады закранала крылом.

Рэзала хвалі хуткая лодка,
Нізка ў паветры ляталі стрыжы.
Сэрцу шчымліва было і салодка
Гэту сустрэчу з табой перажыць.

Вёсны міналі, адну калыхалі
Возера хвалі, а чараты,
Што берагі навакол атачалі,
Ціха пыталіся: “Дзе была ты?”

Родны мой бераг, веру й не веру:
На свой прыстанак прыйшла праз гады.
Бы адчыніла ў мінулае дзверы,
Дзе я маладая і ты малады.

Коцяцца хвалі, бор у сіняй далі.
Я не крыўдую на вас, чараты.
Выцекла столькі вады! Не чакалі.
Вось і шапочаце: “Дзе была ты?”


КРЫЖ ЖЫЦЦЯ

(Паводле прытчы)

Па жыццёваму полю, дарогах
Несла крыж, пакідала сляды.
Дапамогі прасіла ад Бога:
“Божа, збаў ад гароты-бяды!”

Ледзь брыла, мяне ветрам хістала,
Не хацела здавацца бядзе.
Азірнулася раптам, пазнала,
Што за мною ты следам ідзеш.

Прадаўжала свой шлях у знямозе,
Каб адбіцца ад гора-бяды,
Бо выяўны былі на дарозе
Збітых ног тваіх у пыле сляды.

Ад палыну ў горле пяршыла,
Папіла з ручаіны вады.
Азірнулася: “Божа, згубіла
Тваіх ног на дарозе сляды.”

Ды дайшла я да светлага гаю
З беластвольных шумлівых бяроз.
Дзе падзеўся ты, Божа? – пытаю.
“На крылах твой анёл цябе нёс.”


***
Глыток шампанскага віна
У гэты вечар здаўся горкім.
І ты пайшоў, а я адна.
Не спяць, мігцяць у небе зоркі.

Праз сад лягла на белы снег
Маладзіковая сцяжынка.
Мне чуецца твой голас, смех,
Ды засыпаюць след сняжынкі.

У паўзмрок пабегчы і пазваць?
Сказаць, што ўсё табе дарую?
Ледзь-ледзь змагла сябе стрымаць.
Шчаслівым будзь! Кахай другую.

Пакіну горыч я на дне,
Каб не было ніколі горка.
Да ранку зіхаціць у акне
Калядная ў небе зорка.

Узляцелі хмаркі чарадой,
Сцяжынка месяца знікала.
Мой боль адчуе толькі той,
Хто так кахаў, як я кахала.


ВЫ, ГАДЫ МАЕ, – БЫСТРЫЯ КОНІ…


Ішла ў жыцці па няроўнаму полю
З рэчкай слёз з-за нядолі-бяды.
І па ім паляцелі ў прыволле
Сівагрывыя коні-гады.

Прамянілася сонейка ў грывах,
Вольны вецер у іх косы сплятаў.
Позірк коней – разумны, зырклівы
І даверчы да тых, хто спыняў.

Давяраў статак усім ды без меры,
І змянялі масць коні мае:
Вараны ёсць,кауры і шэры…
Рыжы быў, ужо яго не стае.

Як зрываў хто, зноў удала ляцелі.
Ужо загрыўкі ўзмылены ў іх.
Менш ірзалі, а больш усё хрыпелі,
І важак пасумнеў і паціх.

Прыпыніцеся, быстрыя коні!
А яны усё нясуцца ўскач.
Разам з ветрам за мной у пагоні.
Я – наперадзе іх, уцякач.

Затрымайцеся зноўку ў полі,
Паскубіце шаўковай травы.
Шчэ пакуль пагуляйце на волі,
Шчэ пакуль не стаміліся вы.

А я сяду ля рэчкі за садам
І нап’юся крынічнай вады.
Папрашу ў зязюлі парады,
Як спыніць свае коні-гады.

– Я не ведаю, як запаволіць,
Як гады твае – коні стрымаць.
Хай ляцяць і гуляюць уволю,
Колькі бегчы ім, буду куваць.


АСЕННЯЯ ХАНДРА


Ці вінаватая асенняя хандра,
Што пульс у няроўным рытме б’ецца?
Баішся думкай дакрануцца да радка,
Каб не трывожыць, што балюча сэрцу.

Ці вінаватая нязладжанасць жыцця?
Не зразумець, хто свой, а хто чужы.
Нібы жывеш у палоне небыцця
З імкненнем цемру ночы перажыць.

Каму даверыцца і ў адчаі верыць,
Што не ў баку, а разам ён з табой?
Ці цемра, ці святло пераасверыць? –
Змагаюся з асенняю хандрой.

Пульсуецца часцей у трывожным рытме,
Збіваецца і сэрца, і жыццё.
Напаўзабытыя ўзгадваеш малітвы:
Святло ў канцы тунэля… Небыццё.


***
Вясновым ранкам мые дождж зямлю.
І мост стары з парэнчамі драўляны,
І берагі, і чорную раллю,
І млын даўно пакінуты, цагляны.

Наводзіць дождж парадак, чысціню
Ва ўбогасці зямлі з зімы ссівелай,
Дае спатолу траўцы, караню
Прабіцца на грудзях яе збалелых.

Так буйна, гучна кроплі рытм вядуць
Па вокнах, даху, сценах шэрых хаты.
Бы барабаны ў такт аркестру б’юць –
Вясне лагодна імкнуцца так паўладзіць.

У мае далоні кроплі ўпадуць
Я цеплыню паднеб’я адчуваю.
Маленькі згустак космасу ўліюць,
Яшчэ адну вясну з ім сустракаю.


РУНЬ


Дзень знікае ў снежнае церушы,
Спіць мой сад у зімовай цішы.
Толькі я у пакоі і … вершы –
Уволю дам асалоду душы.

Паратункам мне роднае слоўца
І радок, што паэт напісаў,
Ён – адзіны мой суразмоўца.
Як Збавіцель, душу акрыляў.

Успамінаюцца словы паэта
Знакамітага усім, аднаго:
“Вы на кут пасадзіце паэта,
Не пускайце мяне – да яго.”

За якія шануецца якасці?
Не сышоўся ж свет клінам на ім?
Ды яму не радня абыякавасць,
Думкі й мары народа ў ім.

Вы складайце, паэты, спявайце,
Покуль у Ліры стае вашай струн.
Словы-зерняткі, хоць паміраеце,
Сейце шчыра, узыдзе з іх рунь.


СОН


Мне сніцца мая першая любоў,
Каханы мой, адзіны, часта сніцца.
Бы звязваюць нябачныя нас ніці,
І паўтараецца шчаслівы час наноў.

Бы крылы выраслі – ляцім мы на сустрэчу:
Сплятуцца ў абдымку моцным рукі,
На вуснах – твой гарачы пацалунак…
Прачнулася, а навакол – пустэча.

Няўмольна хуткі і імклівы час!
Ужо сівізна пасерабрыла скроні.
Шчаслівыя імгненні не паўторым,
Паўтораць унукі нашыя за нас.


МРОІ


Усё жыццё я жадала, чакала,
Што сутсрэну такую душу,
Каб у сцюжу мяне сагравала,
Падзяляла боль, радасць і сум.

Узняліся б мы з ёй, паляталі
Над прыгожай, дзівоснай зямлёй,
Над азёрнымі сінімі хвалямі,
А вясною – над цёплай раллёй.

Але дзесьці яна ўсё блукае
Па сцяжынках, вядомых адной.
Можа ў сад мой калі прылятае
Дзіўнай птушкай прыгожай лясной?

Сядзе тут на вішнёвай галінцы,
Праспявае: “Спазнілася я.”
Быць адной мне вось так, палавінцы
У гэтым свеце. А мроя мая?


ЗНІЧКІ


Бераг возера. У зорных ростанях
Знічкі крэслілі небакрай.
Успомні праз гады, статны, малады
Ты сказаў мне: “Жаданне ўзгадай.”

Зорападам нас вечар радаваў,
Да нябёсаў увысь занасіў.
Хто каханне сваё загадваў,
Той шчаслівы быў.

Час не мерыла, у шчасце верыла,
Знічкі марай свяцілі ў жыцці.
Не складалася, не збывалася…
Знічкі згаслі, і ўсё ў забыцці.

Травой бераг зрос, і развёў нас лёс.
Нашы знічкі ці бачыў, хоць у сне?
Усё жаданае, неспазнанае
Не згасае, жыве ўва мне.

Бераг возера ў фарбах восені,
Толькі знічкі ляцяць, ляцяць…
І глядзяць на іх закаханыя,
Каб жаданні і мары ўзгадаць.


КАЛІНА

(Жартоўная песня)

Каліначка паспявае на тым беражочку.
Я чырвонай наламаю, перайду масточак:
Па масточку я пайду, броду не шукаю.
Бачу: Янка, мой каханы ў лодцы падплывае.

Ой, каліначка мая, я і не чакала.
Па цябе ў лес прыйшла, Яначку спаткала.

“Па каліну ты прыйшла? – лепш бы не чапала.
Яшчэ горкая яна, крыху б пачакала.”
Мяне Янка цалаваў, ужо сплыла і лодка,
І была каліна нам ды якой салодкай!

Ой, каліначка мая, табе давяраю.
Як сяброўцы гавару: “Яначку кахаю.”

Мы з калінаю ішлі з лесу з Янкам разам.
За вясельныя сталы селі хуткім часам.
Зноў каліна чырванее на тым беражочку,
Свайму Янку нарадзіла я сынка і дочку.

Ой, каліначка мая, зацвітаеш рана.
Каму горкаю здаешся, ды не закаханым.

У белай квецені каліны патанае хата
Мне яна дапамагла шчасцем быць багатай.
Кожны год каліна спее на тым беражочку,
Тры сыны ў маёй сям’і і красуня дочка.

Ой, каліначка мая, ягада лясная.
Як у першую сустрэчу, Яначку кахаю.


КАЛІНА


Ля старога млына, дзе ракі выгіны,
За павольнай плынню назіраю я.
Побач прытуліўся пышны куст каліны,
Па вясне чакае ў госці салаўя.

Да сцяны замшэлай кінутага млына
Бы тая жанчына, туліцца яна.
Думаюць сагрэцца пругкія галіны,
Як і маё сэрца, ты прыходзь, вясна!


ЧАРОМХА


Цвет свой белы над ракой чаромха схіліла.
За ёй вярнуся ў маладосць вясной дзіўнай, мілай.
Яна сведкаю была першага кахання
І са мной перажыла горыч расставання.

Белая чаромха ціхім светлым ранкам,
Мне сяброўкаю была ў маім каханні.

Пад ёй спевы салаўя слухала з каханым,
І кароткаю была ночка для спаткання.
Я вясельную красу той чаромхі белай
Па жыцці сваім нясу, шчасце з ёй сустрэла.


ЗЯМНЫ РАЙ


Ноч прыйшла на зямлю імкліва,
Нада мной – таямнічы Сусвет.
Зоркі ў небе мігцяць зіхатлівыя,
І такі халодны іх свет.

Палахліва ўздрыгваюць, падаюць
З вышыні ўніз да грэшнай Зямлі,
Да Зямлі, цеплыня якой радуе,
На якой мы любілі, жылі.

Там, уверсе, безліч сузор’яў,
Кажуць рай там, дзе Млечны Шлях.
Сад не райскі, зямны ў маіх мроях,
Росы цёплыя ў летніх лугах.

Мне б падоўжыць жыццё ў гэтым свеце
На цудоўнай і роднай зямлі.
Дакрануцца б да бэзавай квецені
І вясною прайсці па раллі.

Нада мною – загадкавы Шлях.
Невядомасць там, вечнасць, бясконцасць.
Тут віруе жыццё, свеціць сонца,
І гудуць чмялі ў лугах.

І не трэба жыццё прыспешваць,
Лёс прыгадваць у небе начным
Хай душа мая больш пацешыцца
У чаромхавым раі зямным.


АНЁЛ


Калі да вас прыйшлі цяжкія дні,
У хвілінку слабасці, хваробы ці знямогі,
Калі, здаецца, вы зусім адны,
Анёлу памаліцеся і Богу.

Гасподзь не прыйдзе, але вам спашле
Любоў, спагоду, веру, дапамогу.
На крылах вам анёл іх прынясе,
І стане вам лягчэй, успомніце пра Бога.

І сціхне боль і больш няма адчаю.
Каб у ночы чорныя вы не былі адны,
Стаіць анёл за вашымі плячамі,
Ён вас уратаваць спусціўся да зямлі.


***
Я жыву, а душа нібы ў клетцы,
І яна ірвецца на волю,
Дзе ў лузе дзіўныя кветкі
І шуміць жытнёвае поле.

Усё на ёй Папялушкі адзенне,
Чачавіцу ад проса аддзеліць.
Толькі марыць яна летуценна
З крышталю чаравічак прымерыць.

Нечакана з’явіцца на балю
У адзенні бліскучым, прыгожым.
Толькі сціснецца ціха ад жалю.
Хто ж маёй душы дапаможа?

Паглядзіць душа мая ў неба,
Ёй таксама захочацца ў высі.
І прашэпча: “Скарацца не трэба.”
Толькі хто ж душу маю ўзвысіць?


***
Дзе мая зорка? У небе шукала.
Пад ёй нарадзіла матуля на свет.
Ты з нараджэння мне лёс прадракала
І па жыцці свой пракрэсліла след.

Вось і знайшла, як мігціш ты дрыготка
Тая з усіх, што ў Сузор’і Стральца!
Мне прадкажы: доўгі шлях ці кароткі
Буду я тут на зямлі прадаўжаць?

Гэта зямля першы крык мой пачула
І ва ўлонне сваё прыняла.
Дзякую ёй, і душой шчырай, чулай
Я як дачка ёй любоў аддала.

У песнях любоў – аб старонцы спяваю.
У веры, надзеі – я імі жыла.
Толькі мой кут, яшчэ й мова трымае.
Вось ён мой лёс, зорка што прадракла.


СПОВЕДЗЬ


Экстравагантнасці сабе я надала.
За мой прыкід вы мне паспагадайце.
Надзела шалік, вейкі падвяла –
Вы зразумейце і не асуджайце.

Я насамрэч – ранімая, слабая
У непрыняцці і невядомасці жыла.
І кошт таму адна я толькі знаю:
Да мэты несхісна я ішла.

Даверлівасць і боль расчаравання,
Пакуты і цярпенне – ўсё было.
І нешчаслівым – горкае каханне,
Што не чаромхай, палыном цвіло.

Сумленне чыстае я маю перад Богам:
І на няпраўду не магла змаўчаць,
І першаю ішла на дапамогу,
Падман і здраду не магла трываць.

Лятала ўночы зорнымі шляхамі,
Са словаў вершы ткала, як усе спяць.
Правінцыяльная паэтка перад вамі,
Якой душы парывы не стрымаць.

Яна й цяпер ніколькі не чарсцвее:
Любуецца рамонкам на мяжы.
Яе ні холад не кранае, ні завея –
Чакае ледзяшоў з падстрэшша капяжы.

Сваім прызнаннем я вас не стаміла?
Усё гэта – частка споведзі маёй.
Паэзія дае мне толькі сілы.
Я галаву схіляю перад ёй.


СУДНЫ ДЗЕНЬ


З тым і пайду на Судны дзень –
Да д’ябла ў сеціва трапляла.
Калі з сабой не саўладала,
Закрыў святло ягоны цень.

У спакусе я перажыла
Здзек жудасны і прыніжэнне.
Трымала ў лейцах я цярпенне,
Ды растаптанаю была.

Адна я па жыцці брыла,
Знявечаная і пустая.
Крычала ўслед вароння зграя,
След завіруха замяла.

Пракляты будуць дзень той й ноч,
Як пільнасць страціла ў падмане.
Чакаю: Судны дзень настане –
Прайшла жыцця свайго ўзбоч.

Старалася ўсё забыць,
У царкву хадзіла памаліцца,
Каб сцерці з памяці аблічча.
Шлях Судны ў перадзе ляжыць.


КАХАННЕ


Бруіла чыстаю крыніцай,
Нясмела ў сэрца ўвайшло.
Гаіла раны бы жывіца –
Каханне першае прыйшло.

Палала вогнішчам каханне,
У небе воблакам плыло.
Свяціла зоркаю да рання –
Яно жыло, яно жыло!

Гарэла гронкамі каліны,
Гучала песняй за сялом.
Лятала пухам тапаліным –
Яно было, яно было!

Ды ліўні вогнішча згасілі,
Каліну снегам замяло.
Сышла і зорка з небасхілу –
Жыві каханне, як жыло!


ЯЗМІН


Куст язмінавы буйна зацвіў,
Водар ліў непаўторны ля хаты.
Урачысты і пышны й багаты
Сведкам нашых спатканняў ён быў.

Як каханне, буяў, красаваў
Далікатных пялёсткаў суквеццем.
Ды прыгнуў лівень тонкае вецце,
Наша шчасце язмін не ўтрымаў.

Асыпаўся язмінавы цвет,
Як з пяшчотнай вясной расставанне.
Напамін аб нязбыўным каханні:
У альтанцы засохлы букет.


ЛЁН

(Песня)

Сіні-сіні лён – вырас у полі ён.
У квеце – неба сінь, рэк блакітных плынь.
Да лянка іду сцежкай вузкаю
Я, дзяўчыначка, беларуска я.

Як лянок убяруць, рушнічкі саткуць.
Крыжам рушнічкі павяжуць сваткі.
І абрус на стол – васільковы дол,
Вышываначка для каханага.

І цвіце наш лён, калыхаецца,
Морам па зямлі разліваецца.
Да яго іду сцежкай вузкаю
З песняй роднаю беларускаю.


БЕЛАРУСАЧКА

(Песня)

У полі ля ракі з краю васількі.
Травы аксамітныя, шаўковыя.
Сустракаю тут я дзяўчыначку –
Вочы ў яе васільковыя.

Закаханая не ўмяне яна,
А ў лугі, мясціны чабаровыя.
Русая каса аж да пояса,
Беларусачка чарнабровая.

Каця – аграном, поле – родны дом.
Ад ракі вядзе сцяжынка вузкая.
Закаханая тая дзяўчына
У зямлю сваю беларускую.

Спее збажына, павяду камбайн
У палі раздольныя, жытнёвыя.
Ты хусціначкай удалеч памахай
І чакай мяне, чарнабровая.


НАВАЛЬНІЦА


Ляталі нізка ластаўкі над хатай,
І смагу наталіць зямля хацела.
І вось данесліся грымотныя раскаты.
І хмары чорныя з-за лесу наляцелі.

Зацішша зранку ўжо было трывожным,
Хаваліся ў свае гнёзды птушкі.
Стаяў у буслянцы задуменны бусел,
Навокал аглядаўся асцярожна.

Паліўся дождж, ён абмываў, паіў
У лузе кветкі, сад і дрэвы ў лесе.
Маланкі разрывалі неба дзесьці.
Уздрыгвала зямля – Пярун у яе біў.

Гром гучна й гулка басам ракатаў,
Як дужы і магутны ваяр-волат.
Маланкі-стрэлы трапна пасылаў
Здавалася, што неба ён расколе.

Як навалілася раптоўна навальніца,
Так і панеслася ўскрай лесу на балоты.
Спякотная зямля паспела наталіцца,
Ледзь адгукаліся далёкія грымоты.


НАШЫ САМАРОДКІ


У нашым краі ёсць паэтаў мноства.
І нельга тут увагі не звярнуць,
Як майстар слова піша наша Сосна,
І Лагун Віктар, і паэт Кукуць.

Дзе чэрпаюць свой талент самародкі?
З рачулак срэбных, з цішыні бароў?
Ім мова матчына – у спадчыну ад продкаў,
А ў паэзію іх сам Гасподзь прывёў.

Любоў да слова ўсіх іх аб’яднала,
У сэрцах да зямлі любоў жыве.
Да той зямлі, дзе Муза іх лятала,
Якая музыкай у вершах іх плыве.

Сваёю працаю натхнёнай, творчаю
Вы ў глебу родную пусцілі карані.
Народ жыве – паэзія не скончыцца,
І маладзенькія вакол узрастуць дубкі.

Вас не саб’е з дарогі хай завея.
“У добры час,” – народ ваш шчыра кажа:
“У жыцці, паэт, ты добра зерне сеяў.
Нашчадкам рунь пра сейбітаў раскажа.”


ВЯСНА


Па-над рэчкай вясна пралятала,
Адарыла святлом берагі.
У белым-белым чаромхавым раі
Дзьмухаўцоў залатыя лугі.

Падпявала птушынаму хору,
Узнялася ў высь з жаўруком.
І няспынна ішла па прасторы
З першых кветак прыгожым вянком.

Зацвітала вясна белым садам
У шуме гаю зялёных бяроз.
Аднаўлення жыцця ў сэрцы радасць
Кожны ўзлёт, кожны крок яе нёс.


ПОДЫХ ВЯСНЫ


Вясна блізка, ля ракі.
Адышлі на поўнач сцюжы.
На прагалінках – гракі,
Вераб’і нап’юцца з лужын.

Узламае ў рэчцы лёд
І закружыць крыгі ў плыні,
А на “коцікавы” мёд
Пчолак шчыраваць узніме.

Хутка прыйдзе на палі
У вянку прыгожым з лесу
І рассыпле па зямлі
Кветкі першыя – пралескі.

Птушак ты пачуеш гвалт,
Не ўбачыш дрэўцаў голых.
Маладым прачнецца сад.
Не спазняйся, час вясёлы!


***
Дождж па шкле барабаніць
у асенняй начы.
Паланёны туманам,
сад  маркотны маўчыць.

Ані гнёздаў, ні птушак,
у ім ніхто не жыве.
На высокай ігрушы
вецер лісце ірве.

Шэры ранак прачнецца,
сонца ледзь заблішчыць.
У сэрцы сум ускалыхнецца,
журавоў клін ляціць.

Ледзь відаць яшчэ ў сіні.
Вось хвілінка, і знік.
У паднябессі застыне
развітальны іх крык.


ЛІСТАПАД


Лістапад, лістапад…
Мокры, голы, сумны сад.
Паскідаў убранне
У пахмурным ранні.
Адгарэў барвовы клён,
Што ў бярозку быў улюбён.
Лісце-золата губляў,
Ім сяброўку асыпаў.
Дуб лістотай адшумеў,
Куст каліны палымнеў.
Долу ўпала лісце,
Гронкі засталіся,
Сокам наліліся
Узімку птаства паклюе
А ўздоўж берага плыве
Вербалозаў вецце –
Пасваволіў вецер.
Пагуляў па вербах брат
Восені халоднай.
Сцюжы і нянасцю рад
І дажджам ён родны.


РАЗВІТАННЕ З ЛЕТАМ


Яшчэ буяюць фарбы лета,
А развітанне надышло.
Усё ярчэй яго прыкметы.
Менш грэе й лашчыць нас цяпло.

У паўнеба ўспыхнуць зараніцы.
У раку ільдзінку ўкінуў Бог.
Ілля грукоча ў калясніцы,
І адцвітае ўжо мурог.

Усё халадней на травах росы,
Над рэчкай ніц стаяць вярбе.
У вадзе халоднай мые косы
У адзіноце, у журбе.

Адыдзе лета, як сунічная паляна,
І знікне недзе ў жураўліным краі.
І восень у бармах з яблыкам духмяным
Не госцяй, гападыняй завітае.


ЗАЛАТАЯ МЯЦЕЛІЦА


Залатая мяцеліца,
лістапада мяцеліца
Па дубровах, гаях загуляла.
Залацістаю замеццю
лісце кружыцца, сцелецца –
Скрозь багацця такога нямала.

Прыдарожныя клёны
пазалотай чырвонай
Асыпаюць сябровак бярозак.
Слодыч горкай каліне,
спелым гронкам рабіны
Ноччу ў поўню дарыў прымарозак.
У вышыні ў чыстай просіні
ў дні празрыстыя восені
Журавы ўзняліся, курлычуць.
У дарогу далёкую
у паднеб’і высокім
За сабою важак іх пакліча.

Над старонкаю мілаю
памахаюць мне крыламі.
У крыку птушак журбу я пачую.
– У добры шлях вам
да выраю, –
Пажадаю я шчыра ім
І па роднай старонцы сумую.


***
Ляцяць і падаюць сняжынкі,
Засыпяць увесь прастор снягі.
На дахі лягуць, дрэў галінкі,
Зраўняюць рэчкі берагі.

І стане светлым, урачыстым
Ад снегу белы-белы свет.
Ён, першы снег, халодны, чысты –
Аб ім напіша верш паэт.

У далонь сняжынкі ўлятаюць…
Кім створаны такі ўзор?
Ад цеплыні рукі растаюць –
У душы гучыць жыцця мажор.


СНЕГ


Снег іскрыцца за акном,
Адлівае серабром.
Танчаць, кружацца сняжынкі,
Засцілаюцца сцяжынкі
Белым покрывам зімою
вытканым радном.

Рэчка ціхая не спіць,
Пад ільдом вада бруіць.
Чырванеецца каліна,
Бы прыгожая дзяўчына,
У журбоце, адзіноце
ля ракі стаіць.

Дуб на ўзлеску не драмаў,
Каралеўства вартаваў.
Елкі, хвоі зелянелі
Ды шыпшыны палымнелі,
Птах галодны на сняданак
зранку залятаў.

Снег, снег… Белы ўвесь прастор.
Вяжа свой зіма ўзор:
Заінелыя галінкі,
Дыяментамі ільдзінкі.
На зямлі, бы як на троне,
Каралевіч Бор.


ЗАВІРУХА


Завіруха белая ўночы загуляла.
Замеццю старанна сцежкі засыпала.
Госцяй незапрошанай у поле завітала,
Змерзлы куст калінавы ў гурбе пахавала.

Над ракой пранеслася з ветрам ашалела,
Берагі пакінула ў сумётах белых.
Да сяла дабралася за хвіліну лёту.
Толькі вось стамілася і злягла пад плотам.


ЦАРЫЦА НЯБЕСНАЯ


Царыца Нябесная, Царыца Нябесная…
Памолімся ў храме мы Ёй.
З душэўнаю ранаю і ранай цялеснаю
Пад Покрыў Святы возьме свой.

У грахоўным знясіленні, усім, хто аступіцца,
Ты, Божая Маці, даруй.
Ты – нам Ратавальніца і наша Заступніца
І нас ад спакус уратуй.

І ў горы, і ў радасці, хто ў веры народзіцца,
Праходзяць дарогай зямной.
Праменіць ад вобраза любоў Багародзіцы
Нябеснаю сілай сваёй.


СЦЯНА РАЮ


Душа збавення ад грахоў чакае
За  той апошняй рысаю зямной.
У варотах залатых, здаецца ёй,
З ключом апостал Пётр сустракае.

І нават душам, дасягнутым раю,
Ці ўяўляецца, што ўсё наадварот,
Што брамкай вузкай будзе ўваход –
Такі Гасподзь іспыт ёй прызначае.

І райскі сад абнесены сцяной
Не залатой – ад вечнасці пабляклай –
Як зможам увайсці, ад пекла
Душу закрые, ад агню сабой.

Комментариев нет:

Отправить комментарий