1/29/2019

Люцыян Шчасны: “Мне не ўбачыць, як шпакі абжывуць шпакоўні…”

Фота Анатоля Кляшчука, 2010 год

Учора ў Хрыстове пахавалі паэта Люцыяна Шчаснага.
Люцыян памёр ад цяжкой хваробы на 78-м годзе жыцця. У яго была цяжкая хвароба лёгкіх, але ён нікому не скардзіўся.  Часам гэта можна было прачытаць у яго вершах:

Ці не чорт мне ўдружыў
Лёс такі пракляты:
Я, нібыта на крыжы,
Шмат гадоў распяты.

Цяжка дыхаю ледзь-ледзь
Я на гэтым свеце
І гатоў бы акалець,
Ды няма ўсё смерці…

Засталіся яго вершы, прасякнутыя болю за лёс беларускай вёскі. Люцыяну цяжка было бачыць, як знікаюць навакольныя вёскі, якія яшчэ нядаўна былі шматлюднымі, поўніліся дзіцячымі галасамі. І хаця гэта аб’ектыўны працэс, паэту як вясковаму жыхару было цяжка гэта бачыць. Свой боль ён і выказваў у сваіх вершах.

***
Майскі ранак. Птушак спеў.
Цёплы ветрык вее.
Хто загнуцца не паспеў,
Нешта рупна сее.

Распусцілася вярба,
З лісцямі бярозка…
Шмат цяжараў для гарба
Сёння мае вёска.

Ні каня, ні бараны,
Ні капейкі грошай,
Нават дошак для труны
Не знайсці харошых.

І над тым, што дагніло,
Ветрык завывае –
Нешматлюднае сяло
Ціха дажывае.

Святочна-сумнае
Зноўку свята і людзі нап’юцца
Ў маёй дарагой старане,
І захочацца мне захлынуцца
Разам з імі ў прагорклым віне.

І адкуль тое свята сягоння
На хвілінку да нас прыплыло –
Ранкам шпак заспяваў на шпакоўні,
Разбудзіў паўжывое сяло.

І прачнулася роднае поле,
Каб сустрэць і прывеціць вясну,
Ды ў Хрыстове ўжо аніколі
Шмат каму не прачнуцца ад сну.

І з вясной, маладою кабетай,
Не глынуць болей чарку жыцця:
Раптам здасца, што холад сусвету
Гэты ранак змярцвела працяў.

Снег ляжыць на кустоўі, на глебе,
І мароз яшчэ ліпне да рук,
І, здаецца, замёрзне ў небе
Ад халоднага сонца жаўрук.

Шмат вершаў у паэта прысвечана тэме смерці. Падавалася дзіўным, што такі аптымістычны чалавек прысвячае ёй шмат месца ў сваёй творчасці. Зараз, ведаючы пра яго хваробу, гэта становіцца зразумелым.

***
Часта ноччу сняцца сны
Аб вясенняй працы,
Ды здаецца, што вясны
Мне не дачакацца…

Мне не ўбачыць, як шпакі
Абжывуць шпакоўні,
Як на лузе, ля ракі,
Заіржуць зноў коні.

Толькі што я ўсё пра смерць,
Думаю няспынна –
Трэба ўсё-ткі жыць умець,
Хоць і немагчыма.

***
Ад ветру дрэвы гнуцца,
Лагчыны заліло…
Заснуць бы й не прачнуцца,
Во здорава б было!

Расстаўся б з гэтым светам,
Папаў бы ў нікуды,
А там – ні прэзыдэнтаў,
Ні шчэ якой брыды!

***
Тых ужо нічога не азмрочыць,
Хто ў зямельку назаўсёды лег.
Яны ўжо па тых раўнінах крочаць,
Дзе жыве ўсемагутны Бог.

Не тлумачыць хай ніколі чутка
Іх жыццё, няведамае нам,
Мо затое, што ўжо вельмі хутка
Мы павінны апынуцца там.

Ну, а смерці... Што яе баяцца –
Бог нядобрых рэчаў не стварыў –
Так што можна смела сабірацца
Да сустрэчы гібельнай пары.

Мукі цяжкія не доўга
Ў перадсмерці здолеем адчуць.
А памром – тады да Бога
Нашы душы свой прадоўжаць пуць.

***
Высіцца да неба
Цішыні сцяна,
І прамерзла глеба
Ўся ўжо да дна.

Патанулі долы
У снежнай глыбіні...
3 думкай невяселай
Я страчаю дні.

3 чым мяне чакае
Гэтая зіма?
Што канца і краю
Ў якой няма!

І няма пачатку
І будзе калі
Снегавога свята
На маёй зямлі?

Шмат увагі ўдзяляў ён у сваёй творчасці ўзаемаадносінам простага чалавека з уладай, якая заўсёды абяцае нам добрае жыццё, а потым у каторы раз падманвае.

***
Мароз ніяк не прападае,
І не адтаяла рака,
І цяжкі сум не пакідае,
Нервуе дурня-мужыка.

Ён ноч не спіць. То ходзіць курыць,
То паглядае на абраз,
І добра ведае: абдурыць
Улада зноў і ў гэты раз.

Яна нямала абяцае,
Ды абяцанкі есці з чым?!
Штодзённа вочы выядае
Хлусні прыгожай едкі дым.

Нас дабівае канчаткова
Самотна-горкая пара,
Бо не паэтаў чуем словы,
А толькі “рэч” правадыра.

Ды лізаблюдаў падвыванне –
Ад іх – хоць ляж і скавычы.
А дзень наступны, што настане, –
Цямнейшы восеньскай начы.

***
Напаўняецца трывогай
І баліць мая душа:
У суседзяў грошай многа,
А ў мяне дык ні граша.

Галава гудзіць, як пуня,
Cкуль павывезлі кулі;
Дзе хто бачыў, каб у дурня
Грошы некалі былі.

Не паспеў здабыць капейкі
І адчуць спакой і рай,
Тут як тут паганец нейкі
Кажа: “Грошыкі аддай!”

Па маім гаротным краі
Блудзіць рынак дзікі,
Вельмі ж пенсія малая,
А расход вялікі.

Возьмеш пенсію ў лапы,
А падонак нейкі
Разявае сквапна ляпу
На твае капейкі.

То страхоўку, то падаткі
Ты аддаць павінен…
Невясёлыя парадкі
У маёй краіне.

Самадурства яшчэ доўга
Будзе сыпаць градам.
На зямлі – усё ад Бога,
Толькі не ўлада!

Задумваўся ў сваёй творчасці паэт і над сэнсам жыцця. Дарэчы, пра гэта не раз размаўляў ён і з журналістамі.



***
Зноў душа маркоціцца
У час вячэрняй цьмы,
Бо ёй ведаць хочацца
Для чаго тут мы.

Несупынна поўзаем,
Сілы ёсць калі,
П’яныя, цвярозыя
Па сваёй зямлі.

Мукамі завалены
Нашы целы ўсе,
І ад вечных сталінаў
Нас заўжды трасе.

Асяроддзе нас здзіўляе,
Страшыць небыццём.
Ці яно адкажа нам
Для чаго жыццё?

***
Пяюць шпакі і плачуць кнігі,
Сцякаюць слёзы па шчацэ,
Даўно растаяўшыя крыгі
Не праплываюць па рацэ.

Не засталося ўспамінаў
Пра іх у нашай старане.
І я, каб гэты свет пакінуў,
То хто б успомніў пра мяне.

Калі паскідваюць вярыгі
Льдзяныя рэкі і палі,
Магчыма, там заплачуць кнігі,
Дзе мае костачкі згнілі.

А наша “правільная” ўлада,
Што люд у вечны рай вядзе,
Усюды ўспамінае гадаў,
Ну, а паэта – анідзе!

Усё ж не хацелася б сканчаць гэты артыкул на сумнай ноце. Спадзяёмся, што творчасць Люцыяна Шчаснага яшчэ будзе належным чынам ацэненая, і недзе напрыканцы вясны пабачыць свет яшчэ адзін зборнік яго вершаў.
Адзначым, што былі ў творчасці і іронія, і гумар. Таму хочацца закончыць такім аптымістычным чатырохрадкоўем:

Я гляджу, як на неба вясенняе,
На журнальную сэксамадэль
І ўсхваляю сусветнага Генія,
Што стварыў гэты вечны бардэль.

Комментариев нет:

Отправить комментарий