4/07/2018

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

Хрыстос Сапраўды Уваскрэс! Гэта азначае, што ісцінна усё тое, чаму Ён вучыў. Сапраўды існуе вышэйшая справядлівасць, дабро і вечнае жыццё. 3 моманту Хрыстова Уваскрасення ўсё гэта становіцца рэальнасцю, у свет прыходзіць сапраўдная свабода ад страху смерці. Хрыстос дайшоў да Крыжа не здрадзіўшы Сваёй справе - узвяшчаць Божую праўду і адчыняць людзям дзверы выратавання.Тое самае павінны здзяйсняць і мы з вамі, не паддаючыся аніякім спакусам, пагрозам, падману, паклёпам, аніякаму ліху.


Шлях жыцця кожнага хрысціяніна павінен быць асвечаны святлом Хрыстова Уваскрасення! Пасха Хрыстова - гэта перамога над смерцю: «Смерць, дзе тваё джала?! Пекла, дзе твая перамога?!» Бог ёсць жыццё і крыніца жыцця, а гэта азначае, што жыццё у поўным сэнсе існуе толькі там, дзе Бог. Хрыстос Сваім Уваскрасеннем зрабіў магчымым далучэнне чалавека да Бажэственнага Жыцця. Гасподзь перамог смерць дзеля таго, каб нас усіх, без выключэння, злучыць з крыніцаю Вечнага Жыцця - з Богам. Смерць на зямлі цяпер для нас не страшная; яна - сон, яна - успенне. У самой смерці мы сустракаем Хрыста, у Ім мы валодаем вечным жыццём.

Віншую вас, дарагія браты і сёстры, з вялікім і радасным святам - сусветнай радасцю Светлага Хрыстова Уваскрасення! Царква ў сваіх песнапеннях называе гэту падзею Святам са святаў і Урачыстасцю з урачыстасцяў, якія сцвярджаюць у нашым жыцці ідэалы дабрыні і святасці, на- раджаюць у душах самыя светлыя і высакародныя пачуцці.

У светлы дзень Пасхі Гасподняй малітоўна жадаю усім вам, дарагія глыбачане, найвялікшай радасці, узаемнай любові і  яднання ў Хрысце, Які перамог смерць і ўваскрэс. I жыць, і памерці, і ўваскрэснуць у любові  Збавіцеля, праслаўляючы Яго за вялікія міласці да роду чалавечага, - вось шчасце хрысціянскае.

3 Пасхай Гасподняй вас, праваслаўныя, і браты і сёстры католікі.
Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс!

Протаіерэй Міхаіл  Ізаітка, благачынны цэркваў Глыбоцкай акругі

Комментариев нет:

Отправка комментария