4/09/2018

Людміла Карніловіч: "Калі чалавек мае актыўную жыццёвую пазіцыю, то ён знойдзе сабе прымяненне"

У чацвер, 5 сакавіка, прайшла прамая тэлефонная лінія з начальнікам аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Людмілай Карніловіч. Тэма тычылася той працы, якая праводзіцца ў раёне, каб замацаваць у нас маладых спецыялістаў.


Мы задалі пытанне, што робіцца ў нашым раёне для таго, каб маладыя людзі, адпрацаваўшы свае два гады, заставаліся і надалей у нашым раёне:

- Для маладых спецыялістаў у нас шмат зроблена, шмат адкрыта кружкоў па ўсіх напрамках, шмат спартыўных секцый працуе, кружкоў самадзейнасці. Дастаткова актыўная праца ідзе ў музеі, шмат цікавых акцый арганізуюць актывісты БРСМ: гэта і гістарычныя квэсты, гэта і конкурсы, што тычацца і дабраўпарадкавання і прафесійнага майстэрства. Зараз аб’яўлены новы конкурс, прысвечаны пасяўной кампаніі, праводзіцца ён сярод маладых механізатараў і кіроўцаў.

У нашых сродках масавай інфармацыі дастаткова шырока асвячаецца моладзевая палітыка: на “Весніку Глыбоччыны” ёсць асобная моладзевая старонка,  на радыё таксама моладзь прадстаўлена. Трэба адзначыць, што не кожны раён зараз змог захаваць рэдакцыю раённага радыё, а ў нас яна працуе і шмат робіць для асвятлення моладзевых праблем.  
Гэта і конкурсы “Лепшы па прафесіі”, і фізкультурныя мерапрыемствы. У апошні час мы шмат арганізоўваем велапрабегаў, калі актыўная моладзь сядае на веласіпеды і едзе па раёну. Гэта наведванне помнікаў вайны, гістарычных помнікаў. Вось ужо колькі год запар у нас бывае адзін або два велапрабегі, дзе ўсю сваю энергію і ўменне можна накіраваць у патрэбнае рэчышча.

Ёсць у нас яшчэ адзін цікавы праект “Тата, твой выхад!”. Гэта калі ўдзельнічаюць усе маладыя таты, што жадаюць паказаць сябе і сваю сям’ю на сцэне. Праводзіцца гэта ў горадзе на розных пляцоўках. Тут нам дапамагае і Цэнтр дапрызыўной падрыхтоўкі, і раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Два гады мы гэта праводзілі і сёлета таксама будзем праводзіць.
А колькі ў нас устаноў адукацыі, дзе можна дадаткова займацца! Гэта і мастацкая школа імя Язэпа Драздовіча, дзе ў нас больш за сто дзяцей навучаецца. Нам нават паверыць не могуць з іншых раёнаў, што ў нас іх столькі! У школе мастацтваў шмат дзяцей навучаецца. Мы вельмі ганарымся, што двое нашых дзяцей з музыкальнай школы атрымалі прэмію за сваю творчасць. Гэта Віялета Куўшынава і Каця Рабкоўская. Прэміі дастаткова высокія, таму, думаю, дзеці за іх купяць добрыя інструменты. Усё залежыць ад таго, хто з імі займаецца, хто ўкладае у дзяцей свае веды, вопыт і талент. Ну, вядома, і ў маладога чалавека павінен быць талент да нечага, без гэтага ж ніяк.

Мерапрыемстваў шмат, шмат мы чаго робім і не збіраемся спыняцца на дасягнутым. Для таго, каб нашай моладзі было цікава ў Глыбокім, каб яна мела свой пункт погляду, прапаноўвала свае ідэі.

Вось, напрыклад, валанцёрскі рух. Усе маладыя актыўна ўдзельнічаюць. Гэта і дабрачынная арганізацыя Caritas, што пры парафіі Святой Тройцы працуе, ці гэта моладзь Садружнасці ў імя Прападобнага Серафіма Сароўскага. Якія яны акцыі арганізоўваюць па збору дапамогі дзецям, што патрапілі ў бяду! У нас ужо ёсць дзеці, якіх дзякуючы нашым валанцёрам, усе ведаюць. Гэта і Рома Куніцкі, і блізняты Рабізы, на лячэнне якіх нядаўна збіралі сродкі.
Моладзь у нас добрая. Яна любіць тое, што робіць, і актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці. Адным словам, шмат цікавага ў нас, каб заставацца працаваць на Глыбоччыне!

Закранулі мы ў размове і тэму зарплаты, бо добрая зарплата – найлепшы стымул заставацца працаваць у раёне. На што Людміла Фёдараўна адказала:

- Трэба аддаць належнае, што ў нашым раёне яна і зарабляецца, ёсць і дапамога для моладзі. У нашым раёне штогод праводзяцца злёты маладых спецыялістаў, калі з моладдзю сустракаецца кіраўніцтва раёна, кіраўнікі прадпрыемстваў, распавядаюць ім пра ўсе іх правы і абавязкі, якія ў іх ёсць ільготы, якую падтрымку яны могуць атрымаць. Бо гэта і дапамога з жыллём, калі мы стараемся маладых людзей уладкаваць у інтэрнаты, або прадпрыемствы дапамагаюць чалавеку кампенсаваць частку гэтых затрат, таксама распавядаем, якія крэдыты ў банку можна атрымаць на набыццё мэблі і бытавой тэхнікі.

Яшчэ ў нас працуе Савет маладых спецыялістаў. Моладзь збіраецца і вырашае, што і як ім рабіць, што б яны хацелі, каб у нас яшчэ было.
У кіраўніцтве раёна добра разумеюць праблемы маладых спецыялістаў, бо самі мы таксама імі былі. Асабліва стараемся падтрымаць тых, хто прыехаў з іншых раёнаў. Вось і нядаўна была такая сустрэча, дзе шмат хто з моладзі прызнаўся, што ехаў сюды на два гады, але потым вырашыў застацца.

Калі чалавек мае актыўную жыццёвую пазіцыю, то ён знойдзе сабе прымяненне, знойдзе кола сяброў. А калі прыехаў толькі адсядзець два гады, каб потым вярнуцца да мамы і таты і зноў сядзець, то тут мы мала што можам дапамагчы. У кожнага ж розныя жыццёвыя пазіцыі, рознае выхаванне, хтосьці хоча быць бліжэй да родных, а хтосьці наадварот хоча адчуць сябе больш самастойным, жыць без апекі бацькоў, паказаць сабе і іншым, што я магу і як я магу. Бывае, што чалавек папрацуе і хоча паехаць далей, пакуль няма сям’і, пакуль малады, каб больш вопыту набрацца, знайсці прымяненне сваім сілам і таленту. А хтосьці сядзіць, нос нікуды не высоўвае і нікуды не пойдзе. Тут сілай нікога не прымусіш, маўляў, прыходзь, мы будзем цябе забаўляць. Тут важна сваё жаданне, якое і прымушае нас некуды рухацца.

Комментариев нет:

Отправка комментария