1/17/2019

У глыбоцкім Доме рамёстваў закрылася выстава Алены Дабравольскай ( дадалося відэа)

Выстава доўжылася 2 месяцы, майстар прысвяціла яе сваёй маме.
Таму і адкрыццё яе адбылося 14 кастычніка, калі адзначаецца Дзень Маці. І назва ў выставы была адпаведная “Матуліны абярэгі”.


На закрыццё выставы ў Дом рамёстваў зноў прыйшлі наведвальнікі. Ім хацелася паслухаць расповед Алены пра свае экспанаты, тым больш што некаторыя з іх з’явіліся тут ужо на працягу працы выставы. З асаблівай цікаўнасцю слухалі майстра дзеці, якія прыйшлі сюды разам са сваёй настаўніцай.
Прысвечаная выстава была паясам і лялькам. Свой выбар Алена патлумачыла так:
– Я ў ліпені выйшла з дэкрэта і захацелася сваё пяцігоддзе працы ў культуры адзначыць выставай.  Пакуль была ў дэкрэце, то вучылася рабіць лялькі і паясы. Я тут майстар па тканню паясоў і бісерапляценню. Калі тры гады таму сыходзіла ў дэкрэтны адпачынак, то тады адбылася выстава па бісерапляценню. А калі прыйшла з дэкрэту, захацелася зрабіць выставу, каб адлюстраваць паясы на ляльках.

Алена родам з вёскі Шо, якая размешчана каля аднайменнага возера, у геаграфічным цэнтры Еўропы. Таму вясковая культура для яе не чужая, а свая, родная.
Усе дзяўчаты гуляюць з лялькамі, але ў Алены да іх асаблівае стаўленне: яна гуляла з лялькамі, якіх рабіла сваімі рукамі. А навучыў яе гэтаму яе дзядуля:
– Мой дзед рабіў шмат рэчаў з дрэва, ён навучыў мяне рабіць лялькі з ільну. Мы ў дзяцінстве сапраўды гулялі з лялькамі, якіх рабілі самі. Мы рвалі лён, рыхтавалі яго і рабілі з яго лялькі. А мая бабуля шыла і ласкуты аддавала нам. Таму я з гэтым знаёмая з самага дзяцінства. Таму і захацелася ўзнавіць сваё дзяцінства і падзяліцца гэтым з гледачамі.
Вынікамі выставы майстар засталася задаволеная:
– Я думаю, выстава атрымалася. Шмат водгукаў напісалі, шмат людзей прыходзіла. Дзеці зацікавіліся. Прыходзілі цэлымі калектывамі. На закрыццё таксама прыйшло шмат людзей, некаторыя прыйшлі паўторна. Бо выставу я абяцала рабіць дапаўняльнай, на працягу двух месяцаў з’явілася яшчэ 15 экспанатаў, якія годна дапоўнілі маю калекцыю.

Выстава зачынілася, але той, хто цікавіцца працамі Алены, можа пабачыць іх у яе працоўным кабінеце. Ужо зараз Алена рыхтуецца да выставы, якая пройдзе ў жніўні ў Польшчы. Майстар плануе дарабіць для яе тыя ідэя, якія яшчэ не паспела рэалізаваць.
Што ж, поспехаў табе, Алена!









Комментариев нет:

Отправка комментария