5/02/2018

У Глыбоцкім касцёле Святой Тройцы адкрылася выстава, прысвечаная гісторыі Беразвечча

Гэта адбылося ў нядзелю 29 красавіка.
Выставу прэзентаваў глыбоцкі краязнаўца Юры Калбасіч.
Яе адкрыццё звязанае з тым, што 30 красавіка споўнілася 380 гадоў, як кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV зацвердзіў тастамент Язэпа Корсака, у якім ён завяшчаў частку сваіх уладанняў для кляштара манахам-базыльянам у Беразвеччы.

У другой палове XVIII стагоддзя тут быў пабудаваныя кляштар і храм у гонар Раства Багародзіцы па праекту віленскага архітэктара Яна Глаўбіца. Гэты храм лічыўся адным з лепшых узораў віленскага барока.


У 1839 годзе пасля скасавання ўніі храм быў перададзены праваслаўнай царкве, дзе размясціўся праваслаўны мужчынскі манастыр. Ён прабыў тут да 1874 года. Потым да 1901 года храм пуставаў і прыйшоў у заняпад. У пачатку ХХ стагоддзя сюды прыехалі манашкі з Расіі, святыня была адрамантаваная і асвечаная ў гонар Апосталаў Пятра і Паўла. Манашкі прабылі тут дваццаць гадоў, з 1901 па 1921 год, і былі вымушаныя з’ехаць пасля ўключэння гэтых зямель у склад адноўленай польскай дзяржавы.

Пра Польшчы ў кляштарных карпусах размясціўся полк Корпусу аховы пагранічча, а храм стаў гарнізонным касцёлам Пятра і Паўла.

У 1939 годзе, калі сюды прыйшлі бальшавікі, пачалася новая старонка ў гісторыі Беразвечча. У кляштарных мурах размясцілася палітычная турма НКВД. 24 чэрвеня, пасля нападу немцаў на СССР, частку вязняў забілі ў турме, а найбольш здаровых пагналі на ўсход. 26 чэрвеня 1941 года гэтая калона пасля налёту нямецкай авіяцыі была расстраляная канваірамі ў вёсцы Мікалаева пад Улай.

Гітлераўцы зрабілі ў Беразвеччы лагер для ваеннапалонных, у якім загінула каля 27 тысяч чалавек. Пасля прыходу савецкіх войск, тут зноў аднавілася турма, якая існуе і дагэтуль. Сам храм па рашэнню савецкай улады быў разабраны на цэглу. Працэс разборкі заняў амаль 10 гадоў, бо трывалыя сцены ніяк не паддаваліся.

Некалькі гадоў таму на месцы храма па ініцыятыве аднаго з афіцэраў часткі, што ахоўвае турму, быў усталяваны праваслаўны крыж, павешаны звон і пастаўлены інфармацыйны стэнд з інфармацыяй пра былую святыню.
Зараз Беразвечча стала часткай Глыбокага і ў глыбоцкай тапаніміцы ніяк не згадваецца. Таму гэту гістарычную несправядлівасць трэба нейкім чынам выправіць. Гэта можна зрабіць надаўшы імя Беразвецкая цяперашняй савецкай вуліцы, або, на думку Уладзіміра Скрабатуна: “Трэба афіцыйна надаць частцы горада, што змешчана ў гістарычным Беразвеччы , статус мікрараёна Беразвечча. Як, напрыклад, Зялёны Луг у Мінску”. 


На выставе прадстаўлены здымкі храма, карціны Язэпа Драздовіча, якія прадставіла Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай Акадэміі Навук, рэпрадукцыі карцін мясцовых мастакоў, сучасныя здымкі Беразвечча з устаўленымі ЗД мадэлямі храма, якія зрабіў архітэктар Аляксандр Невар, а таксама розныя дакументы, у тым ліку спісы людзей, што знаходзіліся ў беразвецкай турме ў 1939 – 1941 гадах і загінулі на “Дарозе смерці” пад Улай. Ёсць на выставе і макет храма ў масштабе 1:100, які зрабіў глыбоцкі краязнаўца Юры Калбасіч. Ён і распавёў у храме пра гэту выставу.


Ужо ў першы дзень працы выставы адна жанчына знайшла ў спісе свайго сваяка, які да гэтага лічыўся прапаўшым без звестак. Зараз вядома, што ён загінуў пад Улай. Выстава будзе працаваць да канца траўня.

У пачатку 90-х гадоў палякі пабудавалі ў Беластоку копію беразвецкага храма, які быў асвечаны ў 1993 годзе ў гонар Уваскрасення Хрыста. Здымак гэтага храма таксама ёсць на выставе.


Да яе падрыхтоўкі спрычыніліся Юры Калбасіч, Кастусь Шыталь, Зміцер Лупач, Леанід Юрык і іншыя неабыякавыя людзі. Арганізатары выказваюць падзяку пробашчу парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім ксяндзу Мікалаю Ціхановічу за дазвол правесці яе ў касцёле.









Комментариев нет:

Отправить комментарий