4/04/2018

Віталь Воранаў: Самая старая дуда Беларусі з Глыбоччыны

Пасьля напісання кніжкі “Дударская Глыбоччына” мне здавалася, што ўдалося сабраць усе даступныя звесткі пра беларускую дуду на нашай малой радзіме. Былі сярод іх шматлікія згадкі пра дудароў, іхны рэпертуар, фотаматар’ялы і ноты, літаратурныя прысвячэнні нашых землякоў, але шмат хто адзначаў адсутнасць захаваных інструментаў. Спатрэбіўся яшчэ цэлы год працы, каб як мінімум з сенсацыяй для сябе самога, я мог адкрыць, што найстарэйшая з захаваных беларускіх дуд не лепельская, а менавіта глыбоцкая. Але пра ўсё па парадку.

Адна справа калі працуеш з першакрыніцамі, або з навукова апрацаванымі, згодна з усімі патрабаваннямі, матар’яламі, а іншая - калі ледзь не ўсе веды пра такую шматграневую гістарычна-этнаграфічна-літаратурна-філасоўскую з’яву, як дуда, грунтуюцца на апрацоўках даследчыкаў-энтузіястаў, у кожнага з якіх свой спецыфічны падыход да збору і апрацоўкі фактаў і часта яшчэ больш спрэчныя трактоўкі гэтых фактаў. Гэтая праблема закранула нават назву інструмента... Тое што яшчэ Янам Баршчэўскім, Францішкам Багушэвічам, Вацлавам Ластоўскім называлася ў сваіх творах выключна “беларускай дудой”, сёння шэрагам дудароў перадаецца на карыстанне суседняй краіне, пад прапанаванай назвай „беларуска-літоўская дуда”. А інструмент па сваёй сустнасці быў беларускім нават тады, калі ў побыце яшчэ функцыянавала назва Літва ў аднясенні да Беларусі. Дастаткова паглядзець на арэал пашырэння дуды каб убачыць, што гэта інструмент Паазер’я (Падзвіння), землі цяперашняй Віцебшчыны і часткі паўночнай Міншчыны, да якіх і адносілася на пачатку акрэсленне “Biała Ruś”. То бок нічога больш удалага чым беларуская (паазерская) дуда і не прыдумаеш. Але пра так вялікую тэму трэба разважаць у іншым месцы. Тут хочацца паведаміць пра тое, што для нас глыбачан асноўнае, між іншым у кантэксце другога ўжо фэсту “Дударскі Рэй” (4-6 травень). А менавіта тое, што ў скарбонку ўсіх звестак пра дуду ў нашым краі, цяпер мы смела можам дадаць яшчэ і інфармацыю пра найстарэйшы з захаваных інструмент, які датуецца ажно 1849 годам!
Звесткі пра глыбоцкую дуду аказваецца былі ўвесь час даступнымі, праўда раскіданымі па розных месцах, але што самае крыўднае, выцесненымі так бы мовіць з дударскага дыскурсу. Нашая дуда паходзіць з вёскі Верацеі (Дзісенскага павета), што на Глыбоччыне. Хутчэй за ўсё гаворка пра Верацеі, што на поўнач ад Глыбокага, у бок Лужкоў. На вялікі жаль, экспанат, які па праву павінен экспанавацца ў Глыбоцкім гісторыка-краязнаўчым музеі, захоўваецца ў схаваных фондах Літоўскага народнага музея... Туды ён паступіў з этнаграфічнага музея SBU (Універсітэт Стэфана Баторыя) у 1934 г. Паведамляецца, што інструмент быў зроблены 80 гадоў да моманту паступлення ў музей, а значыць у 1854г., але літоўскім музеем датуецца ажно 1849 годам, што робіць гэты экспанат найстарэйшай беларускай дудой з тых захаваных. Лепельская дуда (1877 г.), якая ва ўсіх крыніцах называецца найстарэйшай, маладзейшая за глыбоцкую на цэлыя 28 гадоў! Уражвае не толькі ўзрост, але таксама ўнікальнасць гэтага інструмента. Паколькі гэта адзіны з захаваных прыкладаў старых дуд, у якіх мех зроблены поўсцю наверх, а не ў сярэдзіну. Больш за тое, мех зроблены са скуры барсука, што робіць яго ўнікальным у кантэксце агульнабеларускай дударскай традыцыі. Што цікава, хоць барсук сустракаецца на ўсёй тэрыторыі Беларусі, то месца ягонага пашырэння, амаль дакладна супадае з картай пашырэння дуды... Інструмент выглядае можа не так выкшталцона як іншыя з захаваных, але мае надта рамантычны антураж. Гэта якраз і можа быць прычынай, чаму абазнаныя людзі быццам наўмысна адсунулі інфармацыю пра яе на перыферыі дударскага дыскурсу.
У дударскім асяроддзі, якое ў асноўным канцэнтруецца ў Мінску, паміж майстрамі, дударамі, даследчыкамі дуды, доўгія гады, пачынаючы з часу адраджэння дударскай справы (другая палова 1980х) вядзецца няспынная дыскусія пра канструкцыю, форму, гучанне і эстэтыку інструмента. На першае месца тады, як пэўны эталон, была высунутая лепельская дуда, са сваімі літымі аздабленнямі і вытанчанай формай гуку і перабору. Стандартным зрабілася таксама форма меха, хоць цяпер ён пераважна вырабляецца з цялячай скуры, а не з казінай, але пераважна на ўзор лепельскай. Не ведаю ці можна меркаваць, што глыбоцкая дуда замінала гэтай уніфікаванасці і штучна выбранай эстэтыцы, але дудар і майстар Тодар Кашкурэвіч піша пра яе наступнае: „Некаторыя з сучасных дудароў маюць жаданне выкарыстоўваць эгзатычны кшталт мяшка – поўсцю навонкі, надаючы інструменту нібыта старажытны выгляд! На жаль ці на шчасце, але мы маем толькі адзін факт існавання такога інструмента, які таксама знаходзіцца ў Віленскім гістарычным музеі. Пры гэтым мяшок тут зроблены з барсука”. У гэтым каментары бачна непрыхаваную прадузятасць да канкрэтнага інструмента, не гледзячы на тое, што самім жа аўтарам, у іншых тэкстах адзначаецца наяўнасць іншых прыкладаў інструментаў зробленых у такой традыцыі. Мяхі поўсцю навонкі з’яўляюцца стандартнымі для шмат якіх іншых еўрапейскіх традыцый (Славакія, Польшча, Чэхія і інш.). Іншай прычынай нелюбові да гэтай дуды можа быць факт, што інструмент знаходзіцца ў Вільні, а таму, хоць і нечакана, не зусім упісваецца ў наратыў пра беларуска-літоўскую дуду, якой асноўным апалагетам і з’яўляецца якраз Тодар Кашкурэвіч. Літоўскія даследчыкі пісалі пра дуду з такім футрам як пра “Лабанорскую” і магчыма што звесткі пра гэты канкрэтны экспанат зноў жа не зусім знаходзілі месца ў іхнай карціне свету. Як яшчэ можна патлумачыць тое, што так стары інструмент захоўваецца ў фондзе, а не экспануецца наведвальнікам? Вось такое немастацкае жаданне стандардызацыі і нейкія прыватныя інтарэсы і прывялі хутчэй за ўсё да таго, што лепельская дуда паўсюль фігуруе ў якасці найстарэйшай.
Ну а мы, як глыбачане, ужо цяпер забавязаныя вярнуць памяць пра найстарэйшую беларускую дуду, бо побач з іншымі звесткамі і артэфактамі, наш край пацвярджае свой статус як найбольш дударскі рэгіён Беларусі.


Віталь Воранаў

Комментариев нет:

Отправить комментарий