1/19/2019

У Глыбоцкім Доме рамёстваў працуе выстава Таццяны Фаміной (дадалося відэа)

Яе адкрыццё адбылося ў пятніцу 18 студзеня.
На гэту падзею прыйшлі супрацоўнікі культуры, журналісты, а таксама сяброўкі Таццяны. Для яе гэта першая выстава, бо Таццяна працуе ў Доме рамёстваў другі год. Яна метадыст па вырабу беларускіх лялек, вучыць дзяцей гэтаму майстэрству і, як сама прызнаецца, сама таксама вучыцца.
Але на выставе былі прадстаўлены не толькі лялькі. Творчасць Таццяны рознабаковая: на выставе прысутнічаюць і карціны, і вырабы з гліны, і паясы, і шмат што яшчэ.  
– Мне пастаянна падабаецца мяняць віды дзейнасці, – кажа Таня, – Натхненне з’яўляецца, і мне хочацца маляваннем займацца, потым у іншы дзень лялькі раблю, потым вышыўка… Так у мяне атрымліваецца.
Апошні час Таццяна зацікавілася ганчарствам і вырабамі з гліны. Гэта нядзіўна, калі ўлічыць тое, што ў Доме рамёстваў працуе яе муж Арцём Фамін, які з’яўляецца майстрам па ганчарнай справе. Некаторыя вырабы, што прысутнічаюць на выставе, зробленыя з дапамогай мужа. Напрыклад, лялька з гліны, якую дапамог вылепіць Арцём, а Таццяна пашыла для яе вопратку. Таму праз нейкі час варта чакаць сумеснай выставы сямейнай пары:
– Я таксама занялася вырабамі з гліны, пачатак у мяне ўжо ёсць. Я планую павучыцца ў Арцёма Мікалаевіча павучыцца ганчарыць, бо мне падабаецца ляпіць з гліны. Таму, думаю, сумесная наша выстава будзе.
З адкрыццём выставы Таццяну Фаміну павіншавалі калегі, сябры і, вядома, муж, які падараваў ёй букет прыгожых руж. Трэба сказаць, што адкрыццё выставы прайшло ў цёплай, сапраўды сямейнай атмасферы. Першымі яе наведвальнікамі сталі школьнікі з Карабоўскай школы, якія і пакінулі першы запіс у кнізе наведвальнікаў. 
– Вельмі хвалююча было, таму што выстава першая. Рыхтавалася сур’ёзна. Трэба сказаць, што падрыхтаваць яе трэба было за кароткі прамежак часу, і я вельмі старалася, каб было больш работ і яны былі цікавымі, – так пракаментавала майстар свае ўражанні ад сваёй першай персанальнай выставы.
Акрамя работ самой Таццяны, на выставе знайшлося месца і для вырабаў дзяцей, якія наведваюць яе кружок.
У добры шлях!

























Комментариев нет:

Отправить комментарий